Лукашэнка разлічвае нарасціць супрацоўніцтва з Кітаем
Беларусь разлічвае нарасціць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з Кітаем, пераадолеўшы некаторае адставанне, якое ўзнікла ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай абстаноўкай. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кітая Цуй Цымінам.
Каменціруючы развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, Аляксандр Лукашэнка сказаў: „Я не заўважыў, што мы недзе праваліліся. Так, была паўза (вы ведаеце, яна не з Беларуссю звязана). Мы гэта ўспрымаем нармальна”.
Цяпер, на думку Лукашэнкі, неабходна сканцэнтравацца на аднаўленні ўзаемадзеяння. „Не проста аднавіць наша супрацоўніцтва з Кітаем, але і нарасціць яго ў гэтым годзе, пераадолеўшы адставанне некаторае. Гэта ў нашых сілах. І мы гэта зробім”, – падкрэсліў ён.
Тавараабарот Беларусі і Кітая ў 2019 годзе дасягнуў $4,6 млрд, павялічыўшыся на 22 працэнты ў параўнанні з 2018-м. Экспарт айчынных тавараў склаўся на ўзроўні $712,6 млн і за год узрос на 32 працэнты. У Беларусь паступіла кітайскіх інвестыцый амаль на $170 млн, з іх больш як $141 млн прямых.
Найбольш маштабным праектам супрацоўніцтва з’яўляецца індустрыяльны парк „Вялікі камень”. Паводле даных на сакавік гэтага года, тут зарэгістравана 58 рэзідэнтаў, сума заяўленых інвестыцый – $1,2 млрд.
З фінансавымі інстытутамі КНР заключана 35 крэдытных пагадненняў на суму амаль $8,4 млрд, прафінансаваны 22 праекты на $4,1 млрд.
Урад Кітая рэгулярна прадастаўляе ўраду Беларусі бязвыплатную тэхнічную дапамогу. Партфель праектаў уключае будаўніцтва нацыянальнага футбольнага стадыёна, басейна міжнароднага стандарту, сацыяльнага жылля, падтрымку і развіццё індустрыяльнага парка „Вялікі камень” і іншыя.