Лукашэнка сабраў на нараду ўсё кіраўніцтва краіны



Беларусь не стане адмахвацца ад рэкамендацый Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, але будзе дзейнічаць адпаведна сітуацыі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 23 красавіка на нарадзе „аб першачарговых мерах па забеспячэнні ўстойлівай працы эканомікі і сацыяльнай сферы ва ўмовах сусветнай эпідэміялагічнай сітуацыі”.

„Генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ўчора даслаў мне ліст і падзякаваў нашай краіне за тыя дзеянні, якія мы робім у барацьбе з хваробай, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Меры, прапанаваныя СААЗ, павінны быць абавязкова вывучаныя, нельга ад іх адмахвацца. Але мы павінны, зыходзячы з комплексу рэкамендацый, нашага вопыту, дзейнічаць адпаведна. Нельга дзейнічаць на авось і „на ўсялякі выпадак, горш не будзе”.

На нараду ў Палацы Незалежнасці сабралася ўсё кіраўніцтва краіны: вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі аблвыканкамаў  і памочнікі прэзідэнта. „Мы сабраліся з вамі для таго, каб усебакова абмеркаваць пытанні забеспячэння ўстойлівай працы эканомікі і сацыяльнай сферы, — заявіў Лукашэнка. — Перш за ўсё, на злобу дня, сістэмы аховы здароўя і адукацыі. Нам трэба аператыўна прыняць шэраг рашэнняў па тых пытаннях, якія сёння востра паўстаюць перад намі”.

Рэкамендацыі місіі СААЗ, якая наведала Беларусь 7—11 красавіка, былі апублікаваныя ў пачатку гэтага тыдня. СААЗ заклікала беларускія ўлады ўзмацніць „фізічныя меры дыстанцыявання”, у тым ліку: адкласці масавыя мерапрыемствы, уключаючы спартыўныя, рэлігійныя і культурныя; змяшчаць у каранцін „кантакты пацверджаных пацыентаў” і людзей, якія патэнцыйна схільныя да ўздзеяння віруса; перавесці школы, універсітэты і іншыя навучальныя ўстановы на дыстанцыйнае навучанне; скараціць неабавязковыя перамяшчэнні людзей, асабліва для груп высокай рызыкі.

Ураду рэкамендаваная „цвёрдая прыхільнасць у ажыццяўленні комплексу мер па стрымліванні і змякчэнні наступстваў” пандэміі каронавіруса.

Эксперты СААЗ таксама заклікаюць ажыццяўляць „празрыстае і рэгулярнае інфармаванне” грамадскасці аб цяперашняй сітуацыі, рызыках і мерах па рэагаванні.

Акрамя гэтага, СААЗ рэкамендавала „працягваць аказанне асноўных медыцынскіх паслуг і сацыяльна-эканамічнай падтрымкі людзям, якія ў ёй маюць патрэбу, асабліва найбольш неабароненым пластам насельніцтва”.

belapan.by