Лукашэнка сабраўся ўмацоўваць мяжу Беларусі
22 студзеня Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў рашэнне на ахову Дзяржаўнай мяжы Беларусі органамі памежнай службы.
Выступаючы з прамовай, ён назваў Беларусь востравам бяспекі на Еўразійскім кантыненце.
Паводле яго слоў, сістэму процідзеяння пагрозам і выклікам бяспекі межаў неабходна ўдасканальваць. „Вы ведаеце, што адбываецца ў Еўразвязе. Усходняя мяжа — мы нядаўна пра гэта падрабязна гаварылі ў час абмеркавання нашых візавых праблем з Расейскай Федэрацыяй. Паўднёвая мяжа — украінскі напрамак — знаходзіцца пад уплывам тых працэсаў, якія адбываюцца перадусім ва Украіне, — адзначыў Лукашэнка. — Што тычыцца балтыйскага напрамку, тая рыторыка, якая гучыць у гэтых краінах (што нас прылічаюць разам з Расеяй ледзь не ў разрад агрэсараў), таксама не праходзяць гэтыя заявы міма нашых вушэй”.
„Мы нясем значныя выдаткі, перашкаджаючы рознага роду мігрантам, бандытам, шарлатанам, злачынным групоўкам пранікненню ў Еўропу і назад на Усход. Выконваем важную міжнародную функцыю”, – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым, Лукашэнка лічыць, што і еўрапейцы, і расейцы маглі б больш актыўна фінансаваць беларускую дзяржаву, «каб падтрымаць нашы намаганні па барацьбе з рознага роду правапарушальнікамі».
Фота president.gov.by