Лукашэнка: Саджаць будзем толькі тады, калі будзе трэба



«Саджаць на каранцін будзем толькі тады, калі будзе трэба», – заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас гутаркі з супрацоўнікамі ААТ «Белгіпс» 27 сакавіка.

Паводле яго слоў, добра, што прадпрыемства працуе. «Гэтым псіхозам спынілі практычна эканоміку ўсяго свету. Нават Расейская Федэрацыя пачала згортваць вытворчасць. Вы бачыце, што адбываецца ў эканоміцы», – сказаў Лукашэнка, фрагмент выступлення якога размешчаны ў тэлеграм-канале «Пул Першага».

Ён адзначыў, што крытычна паставіўся да рашэння прэзідэнта ЗША Дональда Трампа абвясціць у краіне надзвычайнае становішча. «Трамп як чалавек, які некалі займаўся бізнесам, хутка зарыентаваўся, і апошняя заява мне вельмі спадабалася. Ён сказаў так: калі мы неадкладна не вернемся на прадпрыемствы і не пачнем працаваць, то ад беспрацоўя, ад таго, што не будзем працаваць, памрэ значна больш амерыканцаў, чым ад каронавіруса», – адзначыў беларускі кіраўнік.

«Дарадцаў (кіраўнік адміністрацыі можа калі-небудзь расказаць) было мора – закрыць межы, зачыніць прадпрыемствы, усіх пасадзіць на каранцін ці куды-небудзь што-небудзь. Тады мною было прынятае жорсткае рашэнне: саджаць будзем толькі тады, калі будзе трэба», – сказаў Лукашэнка.

На 27 сакавіка ў Беларусі афіцыйна пацверджаныя 94 выпадкі каронавіруса COVID-19, 32 пацыента лічацца ачунялымі. Праведзена прыблізна 24 тыс. тэстаў на COVID-19.

БелаПАН