Лукашэнка: СМІ ператварыліся ў зброю масавага паражэння



Беларусь „прастрэльваецца з усіх бакоў” медыйнымі атакамі, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў час нарады з кіраўнікамі вядучых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі 11 лютага.

Сюжэт пра гэтую сустрэчу быў паказаны ў дзённым выпуску навінаў на тэлеканале „Беларусь 1”.

Паводле слоў Лукашэнкі, СМІ перасталі быць выключна сродкам данясення інфармацыі, ператварыўшыся ў „паўнавартасную зброю масавага паражэння”. „Падтасаваныя факты, фэйкі, дыпфэйкі, так званая постпраўда, калі аўдыторыяй умела маніпулююць, наўмысна адводзячы ад сапраўды важных праблем. Гэтая і іншая інфармацыйная атрута падобная да хімічнай зброі”, — сказаў ён.

„Нас чакаюць яшчэ больш складаныя рэчы, якія проста цяжка будзе аспрэчваць, прынамсі, у кароткім прамежку часу. Гэтая няпраўда, гэтая хлусня выкошвае цэлыя пласты ўспрымальнага насельніцтва, робячы іх безабароннымі перад сваім разбуральным уздзеяннем. Таму інфармацыйнае проціборства цяпер адыгрывае асаблівую ролю”, — дадаў Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў „найжорсткую канкурэнцыю” на інфармацыйным полі. Беларусь, паводле яго слоў, „з усіх бакоў працятая рознымі медыйнымі патокамі, многія з іх адкрыта дэструктыўныя”. „І трэба сказаць, што Беларусь знаходзіцца ў самым складаным у гэтым плане становішчы, — лічыць Лукашэнка. — І не трэба нас, дапусцім, параўноўваць з такімі дзяржавамі, нібыта як мы, — Швейцарыяй, Аўстрыяй і гэтак далей. Абсалютна нельга, таму што гэтыя дзяржавы існуюць у складзе магутнага, вялізнага Еўрапейскага саюза — каля 600 мільёнаў чалавек (Швейцарыя не з`яўляецца членам ЕС. — БелаПАН.). І яны заўсёды абапіраюцца на сваіх саюзнікаў, і, прынамсі, у спіну ім не страляюць. Мы ж знаходзімся ў такім становішчы, што нам і ад саюзнікаў дастаецца, і ад супернікаў або ворагаў, як мы іх называлі. І ў гэтым плане Беларусь прастрэльваецца з усіх бакоў”.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што нават „у буйных замежных СМІ” ў дачыненні да Беларусі „часта з`яўляюцца інсінуацыі, а часам і зусім заведамая хлусня і паклёп”.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ён сабраў нараду, каб абмеркаваць выкананне дадзеных раней даручэнняў, далейшую стратэгію працы і актуалізаваць задачы, якія стаяць перад СМІ. Гэтыя задачы няпростыя, падкрэсліў Лукашэнка, бо „цяперашняя сітуацыя не спрыяе заспакоенасці”. „Супрацьстаянне, геапалітычная нестабільнасць у розных частках свету, у тым ліку ў нашым рэгіёне, — усё гэта на парадку сённяшняга дня”, — лічыць ён.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што важнай часткай незалежнасці любой дзяржавы з`яўляецца „інфармацыйны суверэнітэт”, гэта значыць „права праводзіць уласную інфармацыйную палітыку, фармаваць нацыянальную інфармацыйную інфраструктуру, забяспечваць інфармацыйную бяспеку”. „І гэтае права мы, як суверэнная і незалежная дзяржава, павінны адстойваць што б там ні было, у тым ліку на інфармацыйным полі. Здавалася б, што нам яшчэ тут змагацца і ваяваць на гэтым полі? Але, на жаль, даводзіцца”, — дадаў Лукашэнка.

Сярод удзельнікаў нарады — старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант, кіраўнік праўлення тэлеканала ОНТ Марат Маркаў, гендырэктар тэлеканала СТВ Ігар Луцкі, гендырэктар БелТА Ірына Акуловіч, галоўныя рэдактары „Беларуси сегодня” Дзмітрый Жук і „Звязды” Павел Сухарукаў, дырэктар беларускага прадстаўніцтва міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі „Мир” Уладзімір Пярцоў.

Напярэдадні ў Мінску адбылася калегія Міністэрства інфармацыі, на якой віцэ-прэм`ер Ігар Петрышэнка выказаў незадаволенасць нейтральнай падачай у СМІ інфармацыі пра дзейнасць дзяржорганаў, а таксама заклікаў друкаваныя дзяржСМІ перахопліваць ініцыятыву ў сайтаў і блогераў. А міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч заклікаў узмацніць контрпрапагандысцкую працу „па матэрыялах дэструктыўных СМІ”. „Галоўнае, што мы можам і павінны супрацьпаставіць паклёпу і хлусні, — аб`ектыўную, праўдзівую журналістыку. Гэта — базіс інфармацыйнай бяспекі краіны”, — падкрэсліў Карлюкевіч.

Прадстаўнікоў недзяржаўных СМІ на калегію не запрасілі.

belapan.by

Фота БелТА