Лукашэнка спадзяецца атрымаць крэдыт МВФ
1 снежня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, прысвечаную крэдыту Міжнароднага валютнага фонду ў памеры 3 млрд долараў, які ўлады Беларусі спадзяюцца атрымаць. Прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў заявіў, што крэдыт можна атрымаць пад 2,28% тэрмінам на 10 гадоў. Гэта варыянт, які выгадны беларускаму боку, адзначыў ён.
Лукашэнка падкрэсліў, што фінансаванне МВФ — гэта добры крэдыт, з добрым аб’ёмам рэсурсаў і добрым працэнтам. „Ніхто нам, у тым ліку і расейцы, пад такія працэнты крэдытаў не дае. Нам гэта выгадна”, — цытуе словы кіраўніка дзяржавы БелТА.
У чарговы раз Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь зацікаўленая ў крэдыце МВФ з улікам нацыянальных інтарэсаў. У той жа час кіраўнік Беларусі падкрэсліў, што ўлады ніколі не пойдуць на пагаршэнне сацыяльнай абароненасці насельніцтва.