Лукашэнка спадзяецца, што Захад заплюшчыць вочы на палітвязняў



У Беларусь апошнім часам нярэдка прыязджаюць еўрапейскія кіраўнікі, і Лукашэнка быццам бы спрабуе налагодзіць адносіны з Еўразвязам. У той жа ж час відавочна, што Лукашэнка не збіраецца выпускаць з турмаў палітычных зняволеных, пра што сведчыць новы суд над былым кандыдатам у прэзідэнты Міколам Статкевічам, які мае адбыцца 4 траўня. На фоне такіх дзеянняў, на які дыялог з ЕЗ можа спадзявацца афіцыйны Менск? Эксперт з пытанняў міжнароднай палітыкі і бяспекі Андрэй Фёдараў лічыць, што Менск хоча, каб Захад праз геапалітыку заплюшчыў вочы на праблемы з правамі чалавека:

– Лукашэнка не хоча ісці на нейкія саступкі Захаду, які патрабуе вызваліць палітвязняў і правесці пэўныя дэмакратычныя і рынкавыя пераўтварэнні ў краіне. Магчыма, афіцыйны Менск спадзяецца на тое, што Еўразвяз, бо ЗША займаюць больш жорсткую пазіцыю, заплюшчыць вочы ў рэшце рэшт на тое, што адбываеццаў Беларусі, і будзе нейкім чынам дапамагаць.

Нагадаем, што нягледзячы на санкцыі Еўразвязу, накладзеныя на кіраўніцтва Беларусі ў сувязі з парушэннем правоў чалавека і наяўнасцю палітвязняў у нашай краіне, ужо сёлета ў Менску былі прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель ды еўракамісар па пытаннях пашырэння ды палітыкі добрасуседства Ёганэс Ган.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ru.tsn.ua