Лукашэнка спрабуе дэстабілізаваць Польшчу, Літву і Латвію



Польскія спецыяльныя службы апублікавалі заяву ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі на польска-беларускай мяжы.

«Цяперашняя сітуацыя на беларуска-польскім памежжы, — сказана ў заяве, — вынік наўмыснай эскалацыі напружанасці з беларускага боку. У раёне нашай мяжы апынуліся вялікія групы мігрантаў, якія цалкам кантралююцца службамі і войскам Беларусі. Фактычна пачалася скаардынаваная спроба масавага ўезду на тэрыторыю Рэспублікі Польшча мігрантаў, якіх выкарыстоўвае Беларусь для гібрыднай атакі на Польшчу».

Дзеянні беларускага боку ацэньваюцца ў заяве як наступства абранай Лукашэнкам формы помсты Польшчы, Літве і Латвіі:

«Ствараючы штучны міграцыйны маршрут і цынічна эксплуатуючы мігрантаў, Лукашэнка спрабуе дэстабілізаваць Польшчу, Літву і Латвію, а таксама прымусіць Еўразвяз адмяніць санкцыі, уведзеныя супраць менскага рэжыму».

Апрача таго аўтары заявы лічаць, што Лукашэнка таксама хоча змусіць Польшчу і іншыя еўрапейскія краіны адмовіцца ад падтрымкі дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі. Паводле іх, крызіс на беларуска-польскім памежжы носіць палітычны характар і быў створаны дзяржаўнымі структурамі Беларусі супраць Польшчы, Літвы і Латвіі.