Лукашэнка: Страціць расейскую мову – гэта страціць сваю гісторыю
„Страціць сёння рускую мову — гэта страціць сваю гісторыю, сучаснасць, сваю будучыню”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 12 ліпеня на адкрыцці XIX Сусветнага кангрэса расейскай прэсы ў Менску.
Паводле слоў Лукашэнкі, яго заўсёды здзіўляе, калі расейцы на розных узроўнях дзякуюць яму за стаўленне да расейскай мовы. Так, сказаў кіраўнік дзяржавы, некалькі гадоў таму на перамовах прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін пачаў дзякаваць яму за стаўленне да расейскай мовы ў Беларусі.
„Я яму сказаў: паслухай мяне і запомні: расейская мова — гэта мая мова, гэта жывая мова, куды ўплеценыя нораў, характары, талерантнасць, у тым ліку беларускага народа, яна развівалася ад стагоддзя да стагоддзя. Калі ў нас у часы разгулу нацыяналізму я менавіта так і паставіў пытанне: „Ад якой спадчыны мы адмаўляемся?” — і народ у нас вырашыў на рэферэндуме, што расейская і беларуская будуць роўнымі. Расейская мова — гэта спляценне душ многіх народаў”, — падкрэсліў Лукашэнка.
Звяртаючыся да прысутных, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яны прыехалі ў краіну, дзе „шануюць, паважаюць, размаўляюць і думаюць па-расейску”. „Мы, вядома, вельмі рады, што паралельна вельмі шмат зрабілі і робім для таго, каб на той жа ўзровень падняць і беларускую мову. Але гэта не павінна вас насцярожваць, гэтым мы і багатыя. Трэба выкарыстоўваць усе мовы”, — дадаў Лукашэнка.
„Калі ў нас пэўная частка, хай нават вузкая, вельмі хваравіта ўспрымае расейскую мову, я кажу: а чаму вы так хваравіта не ўспрымаеце англійскую? У нас у праграме ангельскай больш, чым беларускай і расейскай. Звярнуў на гэта ўвагу міністра адукацыі, трэба гэтую памылку выпраўляць”, — сказаў Лукашэнка.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ён не супраць таго, каб дзеці ў школах вывучалі замежныя мовы. „Але ад расейскай мовы мы ніколі не адмовімся і заўсёды будзем за яе змагацца”, — запэўніў Лукашэнка.
На XIX Сусветны кангрэс рускай прэсы, які сёлета праходзіць у Менску, з’ехаліся прадстаўнікі 52 краін, уключаючы Беларусь. Удзельнікамі кангрэса з’яўляюцца 238 журналістаў з больш як 200 СМІ (100 газет, 30 часопісаў, 17 інфармацыйных агенцтваў, 27 інтэрнэт-выданняў, 25 тэлеканалаў, 13 радыёстанцый і 4 выдавецкія дамы). З іх ад беларускай прэсы ўдзельнічаюць 45 журналістаў з 32 рэспубліканскіх выданняў і 36 журналістаў з 36 рэгіянальных СМІ. Замежныя масмедыя прадстаўленыя 157 журналістамі са 145 СМІ.