Лукашэнка супраць працягнення вакацый



Прысутнасць дзяцей у розных навучальных установах вагаецца ад 20 да 60%. Ужо ад панядзелка міністэрства адукацыі і асабіста Аляксандр Лукашэнка прынялі рашэнне не працягваць канікулы і вучні вярнуліся ў школу.

Як паведамляе міністэрства адукацыі, там манітораць сітуацыю па ўстановах адукацыі ў краіне, і адзначаюць павелічэнне колькасці дзяцей у класах у параўнанні з першым днём чацвёртай чвэрці. У панядзелак, 20 красавіка, было абвешчана, што ў школы выйшлі 30-40% вучняў. Дзяцей не пускаюць бацькі.

Выступаючы перад работнікамі бабруйскага прадпрыемства „Славянка” – Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў такое рашэнне бацькоў:

– Я іх за гэта не асуджаю, як некаторыя ў нас тут, так званыя апазіцыянеры пачалі папісваць у асобных бандыцкіх тэлеграм-каналах жоўтай прэсы: „Лукашэнка пераклаў адказнасць на бацькоў”. Слухайце, ну дзікасць поўная. Я напэўна зашмат бяру на сябе адказнасці, але я катэгарычна супраць працягнення вакацыяў.

Рашэнне кіраўніка дзяржавы крытыкуюць апазіцыйныя структуры, якія лічаць, што ў час пандэміі лепей арганізаваць дыстанцыйнае навучанне. Рух «За свабоду» пад петыцыяй з такой ініцыятывай збірае подпісы, кажа яго прадстаўніца Вольга Быкоўская:

– Праблема ў тым, што не зроблены крокі, каб наладзіць нармальнае, паўнавартаснае дыстанцыйнае навучанне і абсалютна незразумела, як гэта будзе зроблена. Рух «За свабоду» выступае за тое, каб у такіх умовах дзеці не выходзілі ў школу, а займаліся дома. Карысна і для нашай сістэмы адукацыі, бо гэта варта было зрабіць даўно – прадугледзіць магчымасць дыстанцыйнае навучанне. У нас і так дастаткова вялікі ўсплёск захворванняў зараз.

У гэты час у міністэрстве адукацыі спадзяюцца, што ў траўні большасць вучняў вернецца ў школы.

Беларускае Радыё Рацыя