Лукашэнка сустрэўся з еўракамісарам Ёханесам Ханам
Беларусь заўсёды была добрым транзітным акном для Еўрасаюза і чакае такога ж стаўлення з боку ЕЗ. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся 21 чэрвеня ў Менску з еўракамісарам па еўрапейскай палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні ЕЗ Ёханесам Ханам.
Хан прыбыў у Менск для ўдзелу ў дзясятым раўндзе нефармальных міністэрскіх дыялогаў краін — удзельніц ініцыятывы ЕЗ „Усходняе партнёрства”, які пройдзе 21—22 чэрвеня.
Лукашэнка падзякаваў еўракамісару „за ўдзел у палітычным, эканамічным развіцці Беларусі”. „Ваша роля значная, перш за ўсё таму, што асноўныя нашы партнёры — Еўрапейскі Звяз і Расія. У тым, што ў нас працягваецца нармалізацыя адносін, і, напэўна, яны выйшлі на нейкі ўзровень стабільнасці, — вялізная ваша заслуга”, — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.
ЕЗ — найбліжэйшы сусед Беларусі, „а з суседзямі, паколькі яны ад бога, трэба сябраваць, выбудоўваць партнёрскія адносіны”, адзначыў Лукашэнка. „Дык вось, мы ні ў якім разе не спяшаліся, не абяцалі вам таго, чаго мы не можам зрабіць. Вы прыглядаліся да нас — мы прыглядаліся да Еўрапейскага звяза. І ў сілу трансфармацый, якія адбываюцца і ў нас, і ў вас, мы прынялі рашэнне, што нягожа нам глядзець адзін на аднаго праз агароджу і жыць, коса пазіраючы адзін на аднаго. Мы вырашылі ісці насустрач адзін аднаму, аднаўляць сяброўскія, партнёрскія адносіны”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым ён падкрэсліў: „Мы не прасіліся ў Еўразвяз, але мы хацелі б, каб у нас з ЕЗ былі такія адносіны, якім бы, можа быць, зайздросцілі нават члены ЕЗ. І калі Еўрапейскі звяз на гэта гатовы, мы свой шлях гатовыя прайсці”.
Асновай партнёрства з ЕЗ Лукашэнка бачыць гандлёва-эканамічныя адносіны. „Выбудоўваючы адносіны з той ці іншай краінай, аб’яднаннем, мы з вамі, як вопытныя палітыкі, выдатна разумеем, што лепш апярэджваць нейкія падзеі, лепш самім аднаўляць і ўсталёўваць цесныя і добрыя адносіны. Горш, калі гэта адбываецца пад націскам нейкіх абставін, падзей. Таму нам трэба мэтанакіравана, смела і адкрыта ісці насустрач адзін аднаму, без націску абставін”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Беларусь, падкрэсліў ён, ніколі, „нягледзячы на пэўныя цяжкасці, часам нават вельмі складаныя, не была перашкодай для прасоўвання ЕЗ на Усход, у Расію, Кітайскую Народную Рэспубліку, можа быць, нават у Японію”. „Мы заўсёды былі добрым транзітным акном для Еўрапейскага звяза, ніколі не забаранялі вашаму бізнесу рух вашых тавараў, рабочай сілы, капіталу ў Беларусь і праз Беларусь”, — сказаў Лукашэнка.
„На жаль, спадар Хан, мы гэтага не бачым з боку Еўрапейскага звяза, — дадаў ён. — Я хачу, каб вы разумелі: мы будзем настойваць на тым, каб Еўрапейскі Звяз сапраўды гэтак жа адкрываўся для нас, як мы адкрытыя для вас. Гэта галоўная праблема і галоўнае пытанне. Таму што гандлёва-эканамічныя адносіны, свабода, пра якую ЕЗ рупіцца (у шырокім сэнсе гэтага слова — свабода для бізнесу, грамадзян), — гэта асноўныя прынцыпы, на якіх базуецца тая ці іншая дзяржава”.
Фота БелТА