Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком кампаніі „Раснефць” Сечыным
Аляксандру Лукашэнку „хацелася б поўнай яснасці” ў пытаннях пастаўкі ў Беларусь расейскай нафты. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з галоўным выканаўчым дырэктарам расейскай нафтагазавай кампаніі „Раснефць” Ігарам Сечыным 18 лютага ў Менску.
„Утойваць няма чаго, хацеў бы абмеркаваць з кіраўніком найбуйнейшай нафтаздабыўной публічнай кампаніі сітуацыю, якая складваецца ў нас ва ўзаемаадносінах, можна сказаць, Беларусі і Расеі па нафце, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Я ведаю, што вы ў курсе справы. Але было б няправільным нават не параіцца па асобных пытаннях, як дзейнічаць далей. Ну і як працаваць, у тым ліку і з „Раснефцю”, таму што летась вы ў Беларусь паставілі палову нафты, якую мы куплялі ў Расеі, перапрацавалі тут у нас, у Беларусі”.
„Хацелася б поўнай яснасці. Карыстаючыся тым, што мы даўно ведаем адзін аднаго, вы і падкажаце нешта, і мы зможам дамовіцца ў далейшым нашым супрацоўніцтве”, — дадаў Лукашэнка.
Сечын адзначыў, што з радасцю прыняў запрашэнне Лукашэнкі прыехаць у Менск, як рабіў гэта і раней. „Я вельмі цаню тыя даверныя адносіны, якія існуюць паміж намі, — сказаў ён. — Адказваючы на ваша пытанне, што рабіць далей, Аляксандр Рыгоравіч, трэба працаваць разам, вядома. Мы настроеные канструктыўна. Я рады, што ў мяне ёсць магчымасць гэтую тэму абмеркаваць разам з вамі”.
Як паведамлялася раней, у снежні 2019 года Беларусь і Расея ўзгаднілі індыкатыўны баланс паставак нафты, у адпаведнасці з якім у 2020 годзе Беларусь павінна атрымаць 24 млн тон расейскай нафты. На сайце расейскай кампаніі „Транснефць” паведамляецца, што ў 2020 годзе на беларускія НПЗ плануецца паставіць 23,5 млн тон нафты.
У пачатку 2020 года расейскія кампаніі спынілі пастаўку нафты ў Беларусь з-за адсутнасці падпісаных кантрактаў. Нафту не пастаўляюць без прэміі да цаны, якая складае прыблізна 10 даляраў за тону. У Беларусі адмовіліся яе плаціць, спасылаючыся на тое, што з-за падатковага манеўру цана расейскай нафты і так павялічылася. Цяпер яна складае 83% сусветнай.
Зараз адзіным пастаўшчыком расейскай вуглевадароднай сыравіны ў Беларусь з’яўляецца група кампаній „Сафмар” блізкага да Лукашэнкі бізнесмена Міхаіла Гуцарыева.
Беларускія НПЗ працуюць на мінімальнай загрузцы, забяспечваючы найперш патрэбы ў паліве на ўнутраным рынку. Урад тым часам шукае альтэрнатыўных пастаўшчыкоў нафты, выконваючы даручэнне кіраўніка дзяржавы.
14 лютага падчас наведвання Светлагорскага ЦКК (Гомельская вобласць) Лукашэнка заявіў, што Беларусь пачне адбор транзітнай расейскай нафты з нафтаправода „Дружба”, калі Расея ў лютым не паставіць нафту ў патрэбных аб’ёмах. „Цераз Беларусь на Захад і для Беларусі прапампоўваецца 70 млн тон нафты, і яны не маюць ніякіх праблем. Загадзілі бруднай нафтай — да гэтага часу не разлічыліся за гэта, хоць у нас выйшла са строю абсталяванне ў Мазыры, Наваполацк пацярпеў і нафтаправод „Дружба”. Таму калі не паставяць у лютым, будзем да 2 млн тон дабіраць”, — папярэдзіў Лукашэнка.
belapan.by