Лукашэнка сустрэўся з Мядзведзевым у Александрыі
Аляксандр Лукашэнка і прэм’ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў 12 траўня правялі нефармальную сустрэчу ў аграгарадку Александрыя (Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці). Мяркуючы па здымках, апублікаваных прэс-службай прэзідэнта, у сустрэчы ўзяў удзел малодшы сын Лукашэнкі Мікалай.
„Сустрэча доўжылася больш за тры гадзіны. За гэты час Аляксандр Лукашэнка і Дзмітрый Мядзведзеў абмеркавалі ўсе найбольш актуальныя пытанні: двухбаковыя адносіны, эканамічнае супрацоўніцтва, рэгіянальную праблематыку, міжнародны парадак дня”, — адзначаецца ў выніковым рэлізе.
Дамоўленасць аб правядзенні сустрэчы была дасягнутая „яшчэ ў Сочы ў студзені”. „Кіраўнік беларускай дзяржавы паказаў расійскаму госцю свае родныя мясціны. Аляксандр Лукашэнка і Дзмітрый Мядзведзеў пачаставаліся натуральным бярозавікам, сфатаграфаваліся на памяць ля роднай хаты беларускага лідара, а таксама пабывалі на Трафімавай крыніцы, адноўленай паводле даручэння прэзідэнта прыблізна тры гады таму”, — гаворыцца ў паведамленні.
Сустрэча Лукашэнкі і Мядзведзева адбылася пасля заканчэння афіцыйных мерапрыемстваў у Магілёве, дзе прайшло пасяджэнне Савета міністраў Саюзнай дзяржавы. Лукашэнка ў гэты дзень знаходзіўся ў Мінску, дзе прымаў прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава.