Лукашэнка сустрэўся з Папам Францішкам
Аляксандр Лукашэнка на асабістай сустрэчы з папам рымскім Францыскам, якая адбылася 21 сакавіка ў Апостальскім палацы ў Ватыкане, запрасіў пантыфіка наведаць Беларусь, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
„Прыязджайце да нас. Вы атрымаеце столькі сіл і здароўя, колькі ні ў адной кропцы свету”, — сказаў Лукашэнка.
Сустрэча кіраўніка Святога прастола і прэзідэнта Беларусі прайшла ў фармаце „сам-насам” у памяшканні папскай бібліятэкі. Прэс-служба прэзідэнта адзначае, што сустрэча прайшла „ў вельмі цёплай і сяброўскай атмасферы”, але не прыводзіць ні адной дэталі з размовы бакоў.
Пасля завяршэння аўдыенцыі Лукашэнка і папа Францыск абмяняліся падарункамі. Так, прэзідэнт падарыў пантыфіку копію крыжа Еўфрасінні Полацкай і мадэль карэты, выкананыя з дапамогай унікальнай тэхналогіі разьбы па дрэве, а таксама галаграфічны абраз, які, як сказаў кіраўнік дзяржавы, „злучае ў сабе гісторыю і сучаснасць”.
У сваю чаргу папа Францыск перадаў тры напісаныя ім дакументы, у якіх гаворка ідзе аб Евангеллі, ахове прыроды і сям’і. Лукашэнка паабяцаў азнаёміцца з іх зместам, пасля чаго аддаць на захоўванне ў прэзідэнцкую бібліятэку. Акрамя таго, кіраўнік Святога прастола падарыў беларускаму прэзідэнту мастацкую выяву аліўкавага дрэва — сімвала міру. Папа рымскі падкрэсліў мірную місію, якую ўзяла на сябе Беларусь: „Менск можа быць месцам міру”.
Пасля размовы з пантыфікам Лукашэнка таксама сустрэўся з дзяржсакратаром Ватыкана кардыналам П’етра Паралінам.