Лукашэнка: Свет робіцца ўсё больш нестабільным і непрадказальным
„У жыцці кожнай дзяржавы і ўсяго свету ў цэлым адбываюцца падзеі, якія беспрэцэдэнтна ўплываюць на ход гісторыі”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 4 жніўня, выступаючы з пасланнем беларускаму народу і парламенту.
„2020 год з самага яго пачатку апынуўся напоўненым чарадой такіх падзей. І сёння яны даюць нам падставу заявіць пра безальтэрнатыўную ролю моцнай дзяржавы ў жыцці нацыі”, — сказаў ён.
Паводле слоў Лукашэнкі, пандэмія каронавіруса забрала „сотні тысяч жыццяў па ўсёй планеце”. „Абрынуліся цэны на нафту, вярнуўся глабальны эканамічны крызіс, свет накрыла хваля пратэстаў і ўзброеных канфліктаў, затрашчаў па швах Еўрапейскі саюз. І гэта толькі пачатак, — адзначыў Лукашэнка. — Каб зразумець, што адбываецца з намі, трэба разумець, што адбываецца вакол нас. Свет глабалізуецца. Ступень узаемазалежнасці паміж дзяржавамі няўхільна расце. Агульнасусветныя выклікі і пагрозы закранаюць абсалютна ўсе дзяржавы свету без выключэння, у тым ліку і нас, нават калі прырода іх узнікнення і прычыны зарадзіліся за тысячы кіламетраў ад нашых беларускіх межаў”.
Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і з’яўляецца паўнавартасным удзельнікам усіх асноўных міжнародных працэсаў, а таксама трывалымі гандлёва-эканамічнымі ніцямі звязаная з усімі рэгіёнамі свету.
„Менавіта таму сённяшнюю сітуацыю мы павінны разглядаць у кантэксце міжнародных адносін. Для нас відавочна, што свет становіцца ўсё больш нестабільным і непрадказальным. Наколькі, ніхто сёння прадказаць не зможа”, — сказаў Лукашэнка.
Ён адзначыў, што прынцыповыя супярэчнасці паміж дзяржавамі і блокамі, назапашаныя за апошнія дзесяцігоддзі, пераходзяць у вострую канфліктную стадыю. „За апошні час канчаткова ні адна з найважнейшых міжнародных праблем не была вырашаная, — сказаў афіцыйны лідар. — Пандэмія агаліла ўсе сістэмныя праблемы. Гэтая тэма фактычна стала прыкрыццём для бесцырымоннай рэалізацыі асноўнымі сусветнымі гульцамі сваіх знешнепалітычных і гандлёва-эканамічных амбіцый. Прычым метадамі рознымі, не грэбуюць нічым. Вы гэта назіраеце”.
„Жорсткае супрацьстаянне па ўсіх франтах разгарнулася паміж найбуйнейшымі эканомікамі свету — Злучанымі Штатамі Амерыкі, якія на працягу апошніх дзесяцігоддзяў фактычна з’яўляліся аднаасобным сусветным лідарам, і Кітаем, які ўварваўся ў сусветную эліту і выступае за рэальную шматпалярнасць. У баку ад гэтых працэсаў не засталася Расія і ЕС, таксама прэтэндуюць на пануючыя ролі. Словам, трасе ўсю планету”, — адзначыў Лукашэнка.
belapan.by