Лукашэнка: Трэба дыферэнцыяваць спажыўцоў і пастаўшчыкоў наркотыкаў
У Беларусі неабходна размежаваць адказнасць за ўжыванне і пастаўку наркатычных сродкаў, заявіў 22 траўня ў Менску Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.
„Што ў нас там за праблемы? — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — Магчыма, мы дзесьці дапусцілі пралікі або памылкі пры прыняцці адпаведнага заканадаўства. Я тады настойваў на ўзмацненні заканадаўства асабліва да тых, хто вырабляе і пастаўляе, прадае сюды наркотыкі. Нам трэба строга дыферэнцыяваць спажыўцоў і пастаўшчыкоў. Гэта натуральна. Магчыма, у гэтай частцы мы недзе памыліліся”.
Нагадаем, 8 траўня пасля сустрэчы з Лукашэнкам старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала паведаміў журналістам, што прэзідэнт выступае супраць аслаблення крымінальнай адказнасці для распаўсюджвальнікаў наркотыкаў. „Кіраўнік дзяржавы адназначна сказаў, што аслаблення ў дачыненні да збытчыкаў і распаўсюджвальнікаў наркотыкаў быць ніякага не можа. У дачыненні да спажыўцоў магчымыя нейкія паслабленні”, — сказаў Сукала.
Зараз на разглядзе Палаты прадстаўнікоў знаходзіцца праект закона „Аб змене некаторых кодэксаў Рэспублікі Беларусь”, які прадугледжвае ў тым ліку карэктаванне пяці „антынаркатычных” артыкулаў КК. Дакумент паступіў у парламент 11 траўня, яго плануюць разгледзець у першым чытанні на гэтай сесіі, што будзе доўжыцца да канца чэрвеня.
Актывісткі грамадскай ініцыятывы „Матчын рух 328”, якая аб’ядноўвае сваякоў асуджаных на падставе „антынаркатычнага” артыкула 328 Крымінальнага кодэкса, раскрытыкавалі законапраект аб змене гэтага артыкула. Яны, у прыватнасці, выказалі сумнеў у тым, што новая рэдакцыя закона неяк паўплывае на грамадзян, якія ўжо адбываюць пакаранне.
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Вольга Кавалькова заявіла, што прапанаванае ўладамі змякчэнне арт. 328 КК „мае дэкаратыўны характар”. У складзе групы юрыстаў яна разам з дэпутатам парламента Ганнай Канапацкай распрацавала і 10 мая прэзентавала альтэрнатыўную версію паправак у крымінальнае заканадаўства. „Неабходна, на наш погляд, увесці раздзяленне адказнасці ў залежнасці ад аб’ёму рэчыва, якое захоўвалася альбо распаўсюджвалася чалавекам. Таму што сёння ўсё роўна, колькі ты захоўваеш і ўжываеш, адказнасць будзеш несці аднолькавую”, — растлумачыла Кавалькова сутнасць альтэрнатыўных паправак.
Фота БелТА