Лукашэнка цікавіцца прычынамі ўсплёску нестатутных адносінаў у арміі



Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 31 мая паводле вынікаў праверкі Узброеных сіл запатрабаваў ад сілавікоў справаздачу аб прычынах усплёску нестатутных адносінаў у арміі.

Як паведамляе інфармагенцтва БелТА, Лукашэнка нагадаў, што было даручана вывучыць пытанні ідэалагічнай працы ў сувязі з тым, што яна непасрэдным чынам уплывае і на вайсковую дысцыпліну.

„Дакладваюць, што ў арміі захоўваецца ўстойлівая тэндэнцыя да скарачэння колькасці правапарушэнняў. Але яны ёсць. Па такім паказчыку, як каэфіцыент злачыннасці, сітуацыя ва Узброеных сілах лепшая, чым у цэлым па краіне (нядзіўна, як бы там ні было, усё ж такі ў арміі ідзе нейкі адбор). Адносна стабільны і стан па карупцыйных праявах. Скарачаецца колькасць злачынстваў, звязаных з гібеллю асабістага складу пры выкананні службовых абавязкаў”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён адзначыў, што ў 2017 годзе зафіксаваны значны рост фактаў нестатутных узаемаадносін: „Хацеў бы, каб мяне праінфармавалі, з чым гэта звязанае. Гэта што, сапраўды такі ўсплёск бязладдзя па так званай дзедаўшчыне, або службовыя асобы Мінабароны і іншых кампетэнтных дзяржорганаў павысілі патрабавальнасць і пачалі ўсё гэта ўлічваць?”

Паводле слоў Лукашэнкі, „усе людзі ў пагонах, асабліва камандзіры, павінны быць узорам прыстойнасці і добрасумленнага выканання службовых абавязкаў — гэта тычыцца як прымянення даручаных падраздзяленняў і ўзбраенняў, так і выхавання падначаленых”.

Ён таксама падкрэсліў, што афіцэрскаму корпусу давераны лёс маладых людзей, з якіх яны за кароткі час павінны падрыхтаваць сапраўдных байцоў, абаронцаў Айчыны.

Паведамляецца, што ва Узброеных сілах ўзровень злачыннасці за апошнія пяць гадоў у цэлым знізіўся. Каэфіцыент злачыннасці (колькасць учыненых злачынстваў на 10 тыс. чалавек) у арміі ў 2017 годзе склаў 21,2 (па краіне — 90,9). Разам з тым з 2017 года і па цяперашні час адзначаецца рост распачатых крымінальных спраў па фактах парушэнняў статутных правілаў узаемаадносін паміж вайскоўцамі.

Варта адзначыць, што рост колькасці распачатых крымінальных спраў адбыўся пасля гібелі ў Печах 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча ў канцы верасня 2017 года, чыя смерць выклікала ў грамадстве вялікі рэзананс.

Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай працы Міністэрства абароны ўзначальвае генерал-маёр Аляксандр Гура, які толькі што адзначыў 60-гадовы юбілей.

У спецыяльным паведамленні з гэтай нагоды на сайце абароннага ведамства адзначаецца: „Сёння фактам найноўшай гісторыі з’яўляецца тое, што менавіта пад кіраўніцтвам А.М.Гуры створаная прынцыпова новая эфектыўная сістэма ідэалагічнай працы ва Узброеных сілах, заснаваная на дасягненнях навукі і сучасных мадэлях масавай камунікацыі. Галоўны вынік усёй дзейнасці Узброеных сіл, у тым ліку праведзенай ідэалагічнай працы, — гэта мірнае неба над галавой нашых грамадзян. У гэтым ёсць таксама несумненная заслуга асабіста А.М.Гуры”.

belapan.by