Лукашэнка: У БДУ трэба навесці парадак
„У БДУ — я абсалютна згодны і з урадам, і з Адміністрацыяй прэзідэнта — трэба навесці парадак. Я вельмі спадзяюся, што ў вас там атрымаецца”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 28 верасня ў Менску, звяртаючыся да прызначанага рэктара ўніверсітэта Андрэя Караля.
Ён падкрэсліў, што Кароль фактычна з’яўляецца „даверанай асобай прэзідэнта”, але прызначэнне звязанае не з гэтым. Гаворачы пра новага рэктара, Лукашэнка прызнаўся, што раней не пагадзіўся яго накіроўваць на адну з прапанаваных у той момант чынавенскіх пасад у дзяржапараце. „Ён яшчэ нам на больш важным участку павінен паслужыць, і народу, і дзяржаве, падрыхтаваўшы добрыя кадры. Гэта вядучая ВНУ, — цытуе кіраўніка дзяржавы прэс-служба прэзідэнта. — Вельмі спадзяюся, што БДУ па сваім змесце будзе адпавядаць чаканням людзей, якія туды паступаюць. Таму што яны лічаць, што БДУ — гэта вяршыня ўсяго. Гэта сапраўды так. Але змест у нас трошкі не адпавядае. І вы з гэтым хутка сутыкняцеся”.
„Трэба яго падымаць на прыступку вышэй, чым ёсць на самай справе”, — лічыць Лукашэнка. Ён паабяцаў, што абавязкова наведае ВНУ ў наступным годзе, каб у тым ліку абмеркаваць шляхі вырашэння праблем, якія ўбачыць Кароль, працуючы на новай пасадзе.
Як паведамлялася, Лукашэнка ўзгадніў прызначэнне рэктараў яшчэ трох ВНУ — Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова і Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання.
Што тычыцца БНТУ, прэзідэнт падкрэсліў, што гэта таксама адзін з найважнейшых універсітэтаў краіны. „Без яго ніякія інжынеры ў краіне немагчымыя. І трэба сказаць, што інжынеры, якія навучаліся ў вас, славу нашай дзяржаве прынеслі”, — сказаў ён.
Гаворачы аб Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова, Лукашэнка заўважыў, што ў тыя гады, калі ён там вучыўся, на вельмі высокім узроўні выкладалі гісторыю, чаму часткова спрыяла і тое, што на курсе было ўсяго дзве групы прыкладна па 25 чалавек. Акрамя таго, быў высокі конкурс на паступленне.
Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што выкладчыкі ВНУ аказалі на яго значны ўплыў, а яго зносіны з імі працягвалася і ў прэзыдэнцкія гады. „Так склалася, што прэзідэнт там калісьці вучыўся. Таму вам прыйдзецца адпавядаць гэтаму статусу. Гэта добрая навучальная ўстанова, кампактная, не разадзьмутая”, — сказаў Лукашэнка. „Тое ж самае і Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання. Я яго, праўда, з боку заўсёды назіраў. Яшчэ больш кампактны, але вельмі важны для нас універсітэт”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.