Лукашэнка: У Беларусі зафіксавана 18.350 выпадкаў COVID-19



Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 18.350, паведаміў Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання палігона для выпрабаванняў мабільных машын Аб’яднанага інстытута машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук 5 траўня.

„Гэта ўсяго 8,7% ад усіх тэставаных. Тэставаных у нас на раніцу было 211.369 за два з паловай месяцы”, — цытуе кіраўніка дзяржавы тэлеграм-канал Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі.

Такім чынам, за апошнія суткі агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 павялічылася на 861 (+4,9%).

Аб колькасці пацыентаў, якія выздаравелі і выпісаныя, Лукашэнка не паведаміў, таксама як і аб колькасці памерлых за апошнія суткі.

Міністэрства аховы здароўя сёння пакуль не прадставіла дадзеных па колькасці хворых і ачунялых.

Напярэдадні ведамства заявіла аб стабілізацыі сітуацыі з COVID-19 і пнеўманіямі ў Віцебску. „Эпідэміялагічную сітуацыю, якая цяпер складваецца ў Віцебску, можна назваць „плаўны сыход з плато”, — адзначалася ў паведамленні тэлеграм-канала Міністэрства аховы здароўя. — Гэта дазваляе сістэме аховы здароўя правесці паэтапны вывад некаторых няпрофільных бальніц з аказання медыцынскай дапамогі хворым з COVID-19 і пнеўманіямі”.

Пры гэтым Міністэрства аховы здароўя не прадставіла звестак аб колькасці вылечаных ад COVID-19 пацыентаў у Віцебскай вобласці, агульнай колькасці інфікаваных і пацыентаў, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, а таксама памерлых. 2 мая ў ток-шоу на тэлеканале „Беларусь 1” паведамлялася, што на апаратах ШВЛ у рэгіёне знаходзяцца 25 чалавек.

Ужо больш за тыдзень няма афіцыйных дадзеных аб колькасці хворых па рэгіёнах. З 24 красавіка Міністэрства не праводзіць брыфінгі для журналістаў.

belapan.by