Лукашэнка ў Маскве: ці ўсю інфармацыю яму даюць у Крамлі?
Так сфармуляваў назву сённяшняй „Тэмы дня” Севярын Квяткоўскі.
«У расейскім ядзерным спектаклю ў Лукашэнкі роля другога плану. Але з мноствам дыялогаў. Ягоная задача пужаць і прыніжаць праціўнікаў, падвышаючы градус няўпэўненасці і нестабільнасці. І сваю ролю ён выконвае… як можа».
Прывітанне, з вамі Севярын Квяткоўскі. Вышэй я працытаваў рэакцыю палітычнага аналітыка Аляксандра Фрайдмана на сустрэчы Лукашэнкі ў Маскве.
Па адчуваннях і ўражаннях ад паводзінаў Лукашэнкі апошняга году, ён замясціў Жырыноўскага пры Пуціне. Жырыноўскі быў свайго кшталту арыстакратам ад блазнаў. Ён крыўляўся побач з сваім гаспадаром Пуціны, ствараў інфармацыйную завесу са словаў і гукаў, час ад часу выдаваў штосьці праўдзівае з таго, што афіцыйны Крэмль сам агучыць не мог.
Жырыноўскі памёр год таму 6 красавіка 2022 году, і ягонае стэндап месца заняў Лукашэнка. Тым не менш, у адрозненне ад Жырыноўскага, Лукашэнка фармальны кіраўнік фармальна незалежнай дзяржавы. Дзяржавы, куды Пуцін анансаваў увод расейскай ядзернай зброі.
Палітычны эксперт Валер Карбалевіч бачыць сур’ёзнае рознагалоссе між Лукашэнкам і Пуціны: «Ствараецца ўражанне, што абвешчанае Пуціным рашэнне аб размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі не было загадзя ўзгодненае з Лукашэнкам і стала для яго ў пэўным сэнсе нечаканасцю. Пра гэта сведчыць той факт, што ён пяць дзён ніяк не каментаваў заяву расейскага прэзідэнта, якая выклікала вялікі ажыятаж у краіне і свеце».
Наагул у экспертнай супольнасці без прыдыхання адрэагавалі на паездку Лукашэнкі ў Маскву. І ў мяне асабіста, і шмат у каго, яшчэ год таму было ўражанне, што напад на Украіну з боку Беларусі быў для Лукашэнкі нечаканасцю. І што ўсе наступныя крокі расейскага вайсковага кіраўніцтва на тэрыторыі Беларусі Лукашэнка ўспрымаў па факце. Ягонае слова не мела прынцыповага значэння.
Чаму ж цяпер варта верыць у словы Лукашэнкі? Тым больш, што ён на роўных кантралюе ядзерную зброю крамлёўскіх?
Пакуль мы бачым інфармацыйную спецаперацыю па запужванні Украіны і Захаду. Але калі і праўда ядзерную зброю завязуць у Беларусь? А вакол паставяць расейскую базу? Хто будзе пытаць Лукашэнку, калі захоча пальнуць па краінах ЕС?
А куды паляціць «атветачка»? Толькі па Беларусі? Ці і па Беларусі і па Расеі? Ці толькі па Расеі?
Гэтыя пытанні не да Лукашэнкі. З уводам ядзеранй зброі можна быць канчаткова закрыць пытанне акупаваная Беларусь ці не. Так – будзе цалкам захопленая.
Беларускае Радыё Рацыя