Лукашэнка: У нас з ЕЗ агульная бяда — Украіна



Аляксандр Лукашэнка разлічвае на спрыянне Еўрапейскага звяза ў стабілізацыі сітуацыі ва Украіне. Пра гэта ён заявіў 22 ліпеня на сустрэчы з кіраўніком прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Андрэа Віктарын, якая завяршае дыпмісію ў Беларусі.

„У нас ёсць з вамі агульная праблема, можна сказаць, бяда — Украіна. Я вельмі добра ведаю ўкраінскі народ і ўсё тое, што сёння адбываецца ва Украіне, — гэты народ таго не заслужыў. Прайшлі прэзідэнцкія, парламенцкія выбары, важнае пытанне так ці інакш там вырашанае — пытанне ўлады. У свой час Еўрапейскі звяз даў шмат абнадзейлівых сігналаў для гэтай брацкай для нас краіны і братняга для нас народа. Я б вас вельмі прасіў паспрыяць стабілізацыі сітуацыі ва Украіне”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Ён падкрэсліў, што разлічвае на гэта не толькі таму, што асабіста суперажывае ўкраінскаму народу. „Справа ў тым, што гэтая праблема наша з вамі — мы, украінцы і вы жывем у адным рэгіёне. Гэты нарыў, гэты галаўны боль для Еўрапейскага звяза трэба як мага хутчэй ліквідаваць. Таму я з усёй адказнасцю прашу вас, як бы ні было складана вам зараз, з’язджаючы ў іншую краіну, перадаць гэты сігнал Еўрапейскаму звязу: Украіна мае патрэбу ў падтрымцы”, — лічыць Лукашэнка.

На яго думку, ЕЗ „нясе поўную адказнасць за падзеі, якія адбываюцца ва Украіне, бо ён у свой час прапанаваў ёй альтэрнатыву — пайсці на збліжэнне з Еўропай”. „Украіна пайшла і арыентуецца на Еўропу, напэўна, зараз больш, чым на Расію, Беларусь, ЕАЭС. Еўрапейскі звяз сказаў „а”, павінен сказаць „б”, калі гаварыць па шчырасці. Трэба дапамагчы ўкраінскаму народу”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Андрэа Віктарын была прызначаная на пасаду кіраўніка прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі ў ліпені 2015 года. Цяпер яна ўзначаліць прадстаўніцтва ЕЗ у Арменіі. Ужо вядома, што яе пераемнікам у Мінску стане Дзірк Шубель, які апошнім часам кіраваў упраўленнем Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (ЕСЗД) па Расіі.

Шубель некалькі разоў наведваў Беларусь у якасці начальніка аддзела двухбаковых адносін з краінамі Усходняга партнёрства ЕСЗД, апошні раз — у ліпені мінулага года. Ён узначальваў дэлегацыю Еўрапейскага звяза на чарговым, пятым, раўндзе дыялогу каардынацыйнай групы „Беларусь — ЕЗ” па правах чалавека.

БелаПАН