Лукашэнка: У новай пяцігодцы, хутчэй за ўсё, будзем мець новую Канстытуцыю



У новай пяцігодцы, хутчэй за ўсё, будзем мець новую Канстытуцыю, заявіў Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы 25 красавіка з журналістамі падчас суботніка на тэрыторыі Нацыянальнага парка „Прыпяцкі”, перадае прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Кажучы пра прычыны пераносу паслання прэзідэнта народу і парламенту, якое планавалася ў красавіку, Лукашэнка адзначыў, што па цэлым шэрагу фундаментальных пытанняў, калі б пасланне адбылося ў намечаныя тэрміны, адказы ёсць. Напрыклад, у дачыненні да маючых адбыцца ў Беларусі прэзідэнцкіх выбараў. „Тут можна адназначна сказаць, што мы іх будзем праводзіць па Канстытуцыі, як я і абяцаў”, — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

„Па нейкіх іншых пытаннях мы можам адназначна даць адказ. Асноўныя, дапусцім, параметры і пытанні будучай пяцігодкі. Потым пытанне Канстытуцыі (яно ж не здымаецца). Тут адназначна можна адказаць, што мы ў новай пяцігодцы, хутчэй за ўсё, будзем мець новую Канстытуцыю. Ёсць пытанні, на якія ёсць адказы. І вельмі шмат пытанняў, іх больш, на якія адказу няма”, — сказаў Лукашэнка.

Пытанне змен у Канстытуцыю абмяркоўваецца прыблізна два гады. Пра тое, што канцэпцыя змен у Асноўны закон яшчэ не распрацаваная, Аляксандр Лукашэнка заявіў, выступаючы са штогадовым пасланнем народу і парламенту 19 красавіка мінулага года. „Мяне ўвесь час у СМІ пытаюцца, асабліва ў інтэрнэце, падштурхоўваюць: ну скажы што-небудзь па Канстытуцыі. Ну што, гаварыць пра варыянты нейкія не варта. Гэта толькі варыянты, мы яшчэ нават не выпрацавалі канцэпцыю змены гэтай Канстытуцыі, яна з’явіцца тады, калі я атрымаю прапановы ад розных слаёў нашага грамадства”, — сказаў афіцыйны лідар.

Пры гэтым ён апісаў сваё бачанне структуры ўлады: „Трэба надзяляць уладнымі паўнамоцтвамі іншыя структуры і галіны ўлады. Каб за эканоміку адказваў урад разам з парламентам. Нацыянальны банк не павінен быць убаку. Кантроль будуць ажыццяўляць структуры па розных напрамках, варыянты ўжо адпрацаваныя. Той жа КДК, іншыя міністэрствы і ведамствы”.

31 сакавіка гэтага года спікер Савета Рэспублікі Наталля Качанава, якая раней узначальвала Адміністрацыю прэзідэнта, заявіла, што змены ў Канстытуцыю знаходзяцца на стадыі збору прапаноў рабочай групай.

„Так, гэтая праца павінна весціся, таму што жыццё мяняецца, усё мяняецца. І Канстытуцыя — гэта не застылы дакумент, гэта Асноўны закон, дзе павінны быць прапісаныя асноўныя законы нашага жыцця. І таму, вядома, створаная рабочая група ў Адміністрацыі прэзідэнта, і мы актыўна ўдзельнічаем у гэтай працы”, — адзначыла Качанава ў праграме „Размова ў прэзідэнта” на тэлеканале „Беларусь 1”.

Хуткасць працы над папраўкамі ў Канстытуцыю яна назвала „эвалюцыйным шляхам”. „Вось цяпер якраз гэтая група акумулюе тыя прапановы, якія з’явіліся. У дзяржаўных органаў, у рэспубліканскіх органаў кіравання, у мясцовай улады, у проста нашых грамадзян. Таму цяпер пакуль назапашваюцца тыя прапановы, якія паступаюць у гэтую рабочую групу. Ну а потым будзе весціся праца ў далейшым над структураваннем гэтых прапаноў, над тым, што можна ўключаць, што трэба — і ці трэба — і калі. Гэта значыць, пакуль гэта вось такі эвалюцыйны шлях працы над гэтым важным, найважнейшым законам у нашай краіне”, — заявіла спікер Савета Рэспублікі.

Вярхоўны савет прыняў Канстытуцыю 15 сакавіка 1994 года, была ўведзеная прэзідэнцкая форма праўлення. Летам таго ж года прайшлі першыя ў гісторыі краіны выбары прэзідэнта, перамогу на якіх атрымаў Аляксандр Лукашэнка. Упершыню змены ў Асноўны закон былі ўнесеныя ў 1995 годзе, яны тычыліся дзяржаўнай сімволікі і зацвердзілі рускую мову ў якасці дзяржаўнай нароўні з беларускай.

Паводле вынікаў рэферэндуму 24 лістапада 1996 года, які, як і ў першы раз, ініцыяваў Лукашэнка, у Канстытуцыю былі ўнесеныя змены і дапаўненні, у адпаведнасці з якімі адлік пяцігадовага тэрміну прэзідэнцтва Лукашэнкі пачаўся нанава, а Вярхоўны савет быў пераўтвораны ў двухпалатны парламент — Нацыянальны сход. Прэзідэнт атрымаў права прызначаць шэсць суддзяў Канстытуцыйнага суда і членаў ЦВК.

belapan.by