Лукашэнка ўхваліў працяг курсу на нармалізацыю дачыненняў з ЕЗ



На гэтую тэму ў чацвер кіраўнік дзяржавы размаўляў з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем. Нядаўна Макей быў у Люксембургу, дзе ўдзельнічаў у сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін-удзельніц „Усходняга партнёрства” і краін-чальцоў Еўразвяза, сустракаўся з еўракамісарам Ёханэсам Ханам.

Міністр праінфармаваў Лукашэнку пра сваю паездку і пра працу з ЕЗ над дакументамі, у тым ліку над пагадненнем аб аблягчэнні візавага рэжыму. Уладзімір Макей адзначыў, што па ўсіх дакументах ёсць прагрэс, аднак перыядычна ўсплываюць розныя новыя нюансы (і ў гэтым няма віны беларускага боку, падкрэсліў ён), а яны „патрабуюць дадатковага часу для аналізу, удакладнення ці прыняцця рашэнняў”.

„Ёсць выразная ўстаноўка кіраўніка дзяржавы адносна працягу курсу на развіццё нармальных адносін з Еўрапейскім звязам, у першую чаргу эканамічных, палітычных і гуманітарных”, — цытуе словы Макея БЕЛТА.

Гаворка ішла і пра графік візітаў на вышэйшым узроўні. Аднак магчымасць паездак Лукашэнкі ў краіны ЕЗ, пра што ў беларускага міністра пыталіся журналісты ў Люксембургу, не згадваецца. Уладзімір Макей толькі сказаў пра „візіты кіраўніка дзяржавы за мяжу”.

Фота: БелТА