Лукашэнка ўхваліў рашэнне пранесці ў Рыа сцяг Расеі
Кіраўнік Беларусі ўхваліў ўчынак дэлегацыі, чальцы якой выйшлі на цырымонію адкрыцця Паралімпійскіх Гульняў у Рыа-дэ-Жанейра з сцягам Расеі. Пра гэта ў чацвер, 8 верасня, радыёстанцыі „Гаворыць Масква” заявіла прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант.
„Вынас сцяга падчас цырымоніі адкрыцця – ініцыятыва беларускай дэлегацыі. Тым не менш, я хачу падкрэсліць, што гэта пазіцыя дзяржаўная, і гэта ў тым ліку пазіцыя прэзідэнта краіны і прэзідэнта нашага Паралімпійскага камітэта. Мы салідарныя з расейскімі паралімпійцамі”, – падкрэсліла яна.
Эйсмант таксама звярнула ўвагу, што доказаў ўжывання расейскімі паралімпійцамі дапінгу так і не было прадстаўлена.
– Калі яны гавораць пра допінг, мы катэгарычна супраць допінгу, але ніводнага факту па паралімпійцах, якія ўжывалі б допінг і якіх адхілілі ад удзелу, прад’яўлена не было. А людзі, для якіх спорт – гэта больш, чым спорт, былі ад Паралімпіяды адхіленыя. Вось гэта наша дзяржаўная пазіцыя і пазіцыя прэзідэнта нашай краіны.