Лукашэнка ўручыў пагоны начальніку скандальнай „вучэбкі” ў Печах



Аляксандр Лукашэнка ўручыў генеральскія пагоны некалькім афіцэрам Мінабароны і намесніку міністра па надзвычайных сітуацыях, паведамляе яго прэс-служба.

Пагоны генерал-маёра атрымалі начальнік упраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці Сяргей Паск’е, начальнік упраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці Андрэй Ліс, першы намеснік камандуючага ўнутранымі войскамі Міністэрства ўнутраных спраў – начальнік штаба Ігар Бурмістраў, начальнік упраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Васільеў.

Лукашэнка таксама ўручыў пагоны генерал-маёра начальніку 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра Узброеных Сіл Уладзіславу Будзіку.

Нагадаем, што менавіта ў гэтай вучэбцы салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным у кастрычніку 2017 года. Са звязанымі шнурком ад берцы нагамі і накінутай на галаву разарванай майкай. Афіцыйную версію агучылі амаль адразу – самагубства. Маці салдата Святлана Коржыч у гэта не верыць. Дзякуючы яе актыўным дзеянняў пра справу даведаліся незалежныя журналісты, а гісторыя атрымала вялікі рэзананс.