Лукашэнка: Са СМІ ў нас праблем няма
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што ў Беларусі не парушаецца свабода сродкаў масавай інфармацыі. Такую заяву кіраўнік дзяржавы зрабіў 5 ліпеня ў Менску, выступаючы на адкрыцці 26-й сесіі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ).
„Ушчамленне свабоды СМІ ў нашай краіне, якое нібыта мае месца, — гэта клішэ з арсенала мінулага. У стагоддзе інтэрнэту гэта наогул пазбаўлена ўсякага сэнсу. А ў развіцці інтэрнэту і яго даступнасці вы нас ніколі не папракняце”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, медыяпрастора Беларусі актыўна развіваецца: прадстаўленыя „сродкі масавай інфармацыі розных формаў уласнасці і палітычных поглядаў, транслююцца ўсе каналы — сусветныя, еўрапейскія, <…> усе буйныя каналы Расійскай Федэрацыі цалкам транслююцца”. „Euronews у нас глядзіць кожны грамадзянін”, — заявіў Лукашэнка.
„Са СМІ ў нас праблем няма. Той, хто хоча ведаць пра тое, што адбываецца ў свеце, — ведае”, — падсумаваў кіраўнік беларускай дзяржавы.