Лукашэнка: Уцюрын трапіў у поле зроку праваахоўнікаў яшчэ да пераводу ў Савет бяспекі



Аляксандр Лукашэнка 11 траўня падчас размовы з журналістамі пры наведванні Студэнцкай вёскі пракаментаваў затрыманне былога намесніка дзяржсакратара Савета бяспекі Андрэя Уцюрына.

„Калі б ён у мяне быў па-за падазрэннямі, ён бы да гэтага часу працаваў начальнікам Службы бяспекі, — прыводзіць словы Лукашэнкі прэс-служба прэзідэнта. — Ужо тады да яго былі пытанні. У мяне былі пэўныя падазрэнні. Яму быў дадзены шанец”.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што Андрэй Уцюрын трапіў у поле зроку праваахоўнікаў яшчэ да пераводу ў Савет бяспекі. „Літаральна праз некалькі месяцаў мне далажылі аб тым, што да яго ёсць пытанні”, — адзначыў Лукашэнка.

Інфармацыя пра затрыманне Уцюрына па падазрэнні ў атрыманні хабару з’явілася ў СМІ і телеграм-каналах 29 красавіка, аднак у Камітэце дзяржбяспекі на той момант яе каментаваць адмовіліся. У прыёмнай Савета бяспекі ад каментароў таксама адмовіліся.

1 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале быў апублікаваны ўказ прэзідэнта ад 24 красавіка, згодна з якім палкоўнік Андрэй Уцюрын вызвалены ад пасады намесніка дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі „за правіны, што дыскрэдытуюць званне ваеннаслужачага”.

4 траўня Камітэт дзяржбяспекі паведаміў, што Андрэй Уцюрын быў затрыманы з доказамі злачынства пры атрыманні хабару ад прадстаўніка расійскай камерцыйнай структуры.

„Следчым упраўленнем КДБ выстаўленае абвінавачванне ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 430 (атрыманне хабару) КК Рэспублікі Беларусь, Уцюрыну Андрэю Аляксандравічу. Напярэдадні ён быў затрыманы з доказамі злачынства пры атрыманні 148.600 долараў ЗША ад прадстаўніка расійскай камерцыйнай структуры „Г” за спрыянні ў прасоўванні яе інтарэсаў у Рэспубліцы Беларусь. Апошняму выстаўленае абвінавачанне ў дачы хабару”, — гаварылася ў паведамленні.

Як адзначае КДБ, абодва абвінавачаныя прызналі віну па гэтым эпізодзе ў поўным аб’ёме. Да іх прымененая мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту, следчыя дзеянні працягваюцца.

Андрэй Уцюрын нарадзіўся ў 1971 годзе ў Пензе (Расея). У 1992 годзе скончыў Саратаўскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча МУС Расіі, у 2002 годзе — Акадэмію МУС Беларусі. З 1992 па 1995 гады займаў розныя пасады ў сістэме органаў унутраных спраў Беларусі, пазней — у службе бяспекі прэзідэнта. З 2007 па 2014 гады ўзначальваў гэтую службу. У 2014 годзе быў прызначаны намеснікам дзяржсакратара Савета бяспекі. Узнагароджаны медалём „За бездакорную службу” III і II ступеняў, ордэнам „За службу Радзіме” III ступені.

belapan.by