Лукашэнка возьме ўдзел у нефармальным саміце СНД у Маскве



Кіраўнікі дзевяці дзяржаў СНД сёння возьмуць удзел у нефармальным саміце ў Маскве. Як паведамляе сайт прэзідэнта РФ, сустрэчу правядуць кіраўнікі Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расеі, Таджыкістана і Узбекістана.

„Прадугледжваецца падвесці вынікі расейскага старшынства ў СНД у 2017 годзе і абмяняцца думкамі па пытаннях далейшага развіцця супрацоўніцтва ў розных галінах”, — гаворыцца ў паведамленні на сайце прэзідэнта Расіі.

Як стала вядома БелаПАН, нефармальны саміт Садружнасці праводзіцца выключна з ініцыятывы Крамля — Выканкам СНД ніякага дачынення да яго арганізацыі не мае. Не выключана, што сустрэча звязаная з выбарамі прэзідэнта Расеі, якія адбудуцца 18 сакавіка 2018 года.

Апошняя нефармальная сустрэча кіраўнікоў дзяржаў СНД адбылася 8 мая 2015 года і была прысвечаная святкаванню 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У ёй узялі ўдзел прэзідэнты Расіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана і Узбекістана.   БелаПАН