Лукашэнка — Вучычу: Мы сябры, мы проста родныя людзі
Пакет дакументаў аб развіцці беларуска-сербскага супрацоўніцтва ў розных галінах падпісаны паводле вынікаў перамоў Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам 3 снежня ў Бялградзе.
Як паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка, галоўнай тэмай афіцыйных перамоў двух прэзідэнтаў, якія прайшлі ў Палацы Сербіі, было развіццё эканамічнага супрацоўніцтва.
Падчас перамоў у вузкім фармаце Лукашэнка выказаў надзею на павелічэнне тавараабароту. „Не мае значэння, што ў нас некалькі знізіўся тавараабарот. Мы з вамі разбяромся, чаму ўрады не разгортваюцца як след. Вынікі ўчарашняга дня, пачатак сённяшняга кажуць пра тое, што нашы міністры адрэагавалі на зніжэнне тавараабароту, заключылі буйныя кантракты, здзелкі, каб перасягнуць той тавараабарот, які ў нас калісьці быў, — сказаў ён. — Мы яшчэ паваюем, пазмагаемся за нашы адносіны. Думаю, што мы выведзем іх на больш высокі ўзровень, у тым ліку ў гандлі”.
Прэзідэнт Сербіі ў сваю чаргу адзначыў, што паміж краінамі склаліся шчырыя і сяброўскія палітычныя адносіны. Што да эканамічнага супрацоўніцтва, Вучыч упэўнены: Беларусі і Сербіі пад сілу дасягнуць тавараабароту ў 500 млн долараў (летась ён склаў 148 млн). „Я ніколі не забуду ваш візіт у 1999 годзе. Вы прыехалі, каб паказаць, наколькі любіце сербскі народ і краіну”, — дадаў ён.
Кіраўнік беларускай дзяржавы ў адказ заўважыў, што вялікае бачыцца на адлегласці. „Тады ніхто не думаў пра тое, што мы здзяйсняем нейкі гераічны ўчынак: мы ехалі да сваіх братоў, сяброў. Калі-небудзь я ў дэталях раскажу, што гэтаму папярэднічала, што было потым, але так склалася, што мы не маглі кінуць у бядзе блізкіх нам людзей. Так, мы не гіганцкая імперыя, але мы вашы людзі, а вы — нашы, — заявіў Лукашэнка. — І вось праз 20 гадоў мы сустракаемся тут з вамі. Тады былі няпростыя часы. Сёння таксама часы складаныя”.
Паводле слоў Лукашэнкі, „буйныя геапалітычныя гульцы, каб выжыць у канкурэнцыі, ствараюць напружанае становішча ў свеце”. „Па віне адной з імперый ідзе гандлёвая вайна, іншыя мераюцца сіламі ў Сірыі. Ад гэтага пакутуеце і вы, таму што вялізны паток, сотні тысяч бежанцаў рынулі сюды. Пачалі ўжо сур’ёзна пагаворваць аб новым сусветным эканамічным крызісе. Нам гэтага не трэба. Мы, на жаль, удзельнікі ўсяго гэтага, але віна не ў нас. Прычыны і нават паўпрычыны, падставы мы не давалі”, — падкрэсліў афіцыйны беларускі лідар.
Лукашэнка ўпэўнены, што Сербія, „нягледзячы на ўсе катаклізмы, ніколі не будзе бедаваць”. Гэтую краіну ён назваў балканскай жамчужынай. „Гэта цудоўная краіна, цудоўныя землі, якія могуць пракарміць значна больш насельніцтва, чым сёння жыве ў Сербіі. Гэта бліскучы, гераічны, патрыятычны народ. Таму Сербія заўсёды будзе квітнець. Праязджаючы сёння па Бялградзе, я параўноўваў са сваім наведваннем раней: я бачу, што Сербія і сталіца пачынаюць не проста ажываць — вы пачынаеце ўставаць з каленяў. І мы гатовыя ўдзельнічаць у гэтым, дапамагаць, наколькі можам”, — рэзюмаваў Лукашэнка.
Падчас перамоў у пашыраным складзе Лукашэнка падкрэсліў, што асаблівасцю беларуска-сербскіх адносін з’яўляецца тое, што краіны ніколі не ставілі адзін аднаму папярэдніх умоў. „Мы сябры, мы проста родныя людзі. І гэта найвялікшая і сумленная аснова нашага супрацоўніцтва”, — заявіў ён.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што Сербія і Беларусь „не гіганцкія дзяржавы” і „не маюць велізарных рэсурсаў, якія маюць глабальныя гульцы”, напрыклад Расія ці Злучаныя Штаты Амерыкі. Абедзве краіны „зарабляюць выгоды сваім потам, а часам і крывёй”, прыводзіць яго словы прэс-служба.
„Многія малыя, сярэднія дзяржавы (я гэта за сваю доўгае прэзідэнцкае жыццё бачыў не адзін раз) заўсёды арыентуюцца на гэтыя гіганцкія і багатыя дзяржавы, таму што яны валодаюць тымі рэсурсамі, якіх не хапае ў нас. Але мы не павінны забываць пра тое, што любыя імперыі і буйныя дзяржавы ніколі з намі не будуць супрацоўнічаць без папярэдніх умоў, яны абавязкова нешта папросяць наўзамен, нават яшчэ нічога для цябе не зрабіўшы”, — заявіў Лукашэнка.
Вучыч адзначыў, што калісьці ў Сербіі саромеліся сяброўства з Беларуссю, а цяпер пра яго гавораць з гонарам. „Сербія заўсёды будзе вашым шчырым сябрам, мы ганарымся нашым сяброўствам. Былі часы, калі некаторыя баяліся сказаць, наколькі мы цэнім і любім беларускі народ. Сёння мы ўсюды гаворым пра гэта з гонарам і хочам, каб вы прыязджалі сюды як мага часцей”, — заявіў прэзідэнт Сербіі.
Ён упэўнены, што візіт беларускага лідара ў Сербію стане стымулам для развіцця двухбаковых адносін. „У нашым супрацоўніцтве ёсць патэнцыял не толькі для павелічэння тавараабароту, але і для супрацоўніцтва ва ўсіх абласцях, — лічыць сербскі кіраўнік. — Я ўчора і сёння ўжо многаму навучыўся ў прэзідэнта Лукашэнкі, уключаючы пытанні абароны, бяспекі”.
Паводле вынікаў перамоў, паведамляе прэс-служба, падпісаныя восем дакументаў, чатыры з якіх тычацца навуковай сферы. Бакі, у прыватнасці, падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні пры ажыццяўленні супрацоўніцтва ў галіне інавацый і развіцця лічбавых тэхналогій; пагадненні аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з Сербскай акадэміяй навук і мастацтваў, Міністэрствам адукацыі, навукі і тэхналагічнага развіцця Сербіі; пратакол дзявятага пасяджэння беларуска-сербскай камісіі па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.
Падпісаныя таксама дагавор паміж Беларуссю і Сербіяй аб выдачы, міжурадавая праграма супрацоўніцтва ў сферы адукацыі да 2020 года, пагадненні паміж ААТ „Беларусбанк” і Паштовым ашчадным банкам Сербіі аб адкрыцці карэспандэнцкіх рахункаў у розных валютах.
На сустрэчы з журналістамі пасля перамоў, паведамляе прэс-служба, Лукашэнка вітаў нядаўняе падпісанне Сербіяй пагаднення аб зоне свабоднага гандлю з ЕАЭС і падкрэсліў, што „Беларусь для Сербіі — шчыры сябар у Еўразійскім эканамічным саюзе”.
„У той жа час мы з павагай ставімся да імкнення вашай краіны ўступіць у Еўрапейскі саюз і жадаем вам годна прайсці гэты шлях. Дай бог, каб у вас атрымалася тое, чаго вы хочаце”, — сказаў ён.