Лукашэнка выбірае пасла Беларусі ў Расеі
МЗС унесла на разгляд Аляксандра Лукашэнкі шэраг кандыдатур на пасаду пасла Беларусі ў Расеі, паведаміў журналістам міністр замежных спраў Уладзімір Макей па выніках сустрэчы з кіраўніком дзяржавы.
Паводле слоў Макея, падчас сустрэчы кіраўніку дзяржавы быў паведамлены шэраг аспектаў, звязаных з узаемаадносінамі з ЕЗ, Еўразійскім эканамічным саюзам, у тым ліку з Расейскай Федэрацыяй. У прыватнасці, гаворка ішла аб кандыдатурах на пасаду новага пасла Беларусі ў Расеі. „Прэзідэнту паведамленыя прапановы па некаторых кандыдатурах на пасаду пасла Беларусі ў Расеі. Нейкія кандыдатуры прэзідэнт ацаніў станоўча. Але разам з тым даручыў дадаткова падумаць над іншымі варыянтамі”, — цытуе Макея прэс-служба Лукашэнкі.
Ігар Петрышэнка, які ўзначальваў пасольства Беларусі ў Расеі з верасня 2012 года, 18 жніўня быў прызначаны віцэ-прэм’ерам.
24 жніўня быў прызначаны і новы пасол РФ у Беларусі. Аляксандра Сурыкава, які прапрацаваў у Беларусі з сакавіка 2006 года, змяніў 46-гадовы Міхаіл Бабіч. Раней ён займаў пасаду паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта РФ у Прыволжскай федэральнай акрузе. Бабіч таксама прызначаны спецпрадстаўніком прэзідэнта Расеі па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю.