Лукашэнка выказаў прэтэнзіі Расеі за сітуацыю на беларуска-расейскай мяжы



Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам пра ўзаемадзеянне Беларусі і Расеі ў памежных пытаннях старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэта Анатоля Лапо і дзяржсакратара Савета бяспекі Станіслава Зася, паведамляе БЕЛТА.

Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь на 100% выконвае свае абавязацельствы ў ахове беларуска-расейскай мяжы, але цяпер ва ўзаемадзеянні памежных ведамстваў Беларусі і Расеі існуюць пэўныя праблемы.

Напрыклад, не ўсе грамадзяне трэціх краін бесперашкодна перасякаюць беларуска-расейскую мяжу: калі грамадзянін Еўразвязу заехаў праз мяжу пад Берасцем, то, паводле Лукашэнкі, «яго могуць пад Смаленскам не прапусціць нават з расейскай візай». Яшчэ адной праблемай Лукашэнка назваў чэргі грузавога транспарту на беларуска-расейскай мяжы, якія «перыядычна дасягаюць 10 км і больш».

У 1995 годзе Беларусь і Расея падпісалі дамову аб сумесных намаганьнях у ахове вонкавай мяжы Саюзнай дзяржавы. і ў лістападзе зноў заканчваецца тэрмін дзеяння гэтага дакумента. Неабходнасць падаўжэння дамовы і паслужыла прычынай прааналізаваць ўзаемадзеянне пагранічных ведамстваў Беларусі і Расеі. Раней Аляксандр Лукашэнка даручаў прапрацаваць гэтую тэму з расейскімі партнёрамі.