Лукашэнка выказаў спачуванне Трампу ў сувязі з трагедыяй у Лас-Вегасе



Аляксандр Лукашэнка накіраваў прэзідэнту ЗША Дональду Трампу спачуванне ў сувязі з трагедыяй у Лас-Вегасе, паведаміла прэс-служба беларускага кіраўніка.

„У Беларусі з глыбокім смуткам успрынялі вестку пра шматлікія ахвяры ў выніку абстрэлу наведвальнікаў музычнага фестывалю ў Лас-Вегасе. Шакіруе бязлітаснасць і бессэнсоўнасць учыненага злачынства”, — гаворыцца ў спачуванні.

Ад імя ўсіх беларусаў і ад сябе асабіста Аляксандр Лукашэнка „накіраваў шчырыя словы спачування родным і блізкім загінулых, усім, каго закранула гэтая трагедыя, а таксама пажаданні хуткага выздараўлення пацярпелым”, адзначыла прэс-служба.

Паводле інфармацыі СМІ, вечарам 1 кастрычніка на канцэрце непадалёк ад гасцінічна-забаўляльнага комплексу Mandalay Bay у Лас-Вегасе прагрымелі стрэлы. Паводле звестак паліцыі, агонь з балкона 32-га паверха гатэля адкрыў 64-гадовы Стывен Пэдак, які забіў не менш за 50 чалавек. Яшчэ 406 чалавек шпіталізаваныя. Падазроны пакончыў з сабой да прыбыцця паліцыі. Шэрыф Лас-Вегаса Джозэф Ламбарда ў сваю чаргу раней заявіў, што ўлады горада пакуль не гатовыя кваліфікаваць здарэнне як тэракт. Разам з тым 2 кастрычніка тэрарыстычная групоўка „Ісламская дзяржава” ўзяла на сябе адказнасць за стральбу ў Лас-Вегасе.

belapan.by