Лукашэнка выказаў спачуванне ў сувязі з гібеллю шахцёраў у Чэхіі



Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванне прэзідэнту Польшчы Анджэю Дуду ў сувязі з гібеллю польскіх грамадзян у выніку выбуху ў шахце каля чэшскага горада Карвіна.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што вестку аб гэтай трагедыі ў Беларусі ўспрынялі з глыбокім смуткам, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

„У гэты цяжкі для вашай краіны час ад імя беларускага народа і сябе асабіста выказваю шчырыя спачуванні вам, родным і блізкім загінулых, а таксама перадаю словы падтрымкі і жадаю найхутчэйшага выздараўлення пацярпелым”, — гаворыцца ў спачуванні.

Увечары 20 снежня 13 чалавек загінулі, яшчэ 10 пацярпелі пры выбуху на вугальнай шахце паблізу Карвіна. З ліку загінулых 12 чалавек — гэта грамадзяне Польшчы.

Прадпрыемства размешчана на ўсходзе Чэхіі, паблізу польскай мяжы. Паводле звестак кіраўніцтва, прычынай трагедыі стаў выбух метану, які адбыўся на глыбіні 800 метраў.

У Польшчы 23 снежня абвешчана днём агульнанацыянальнай жалобы.

belapan.by

Фота media.az