Лукашэнка выказаў спачуванні з нагоды смерці Паўла Адамовіча
Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванне прэзідэнту Польшчы Анджэю Дуду ў сувязі з абвешчанай у краіне агульнанацыянальнай жалобай пасля трагічнай смерці мэра Гданьска Паўла Адамовіча.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі з глыбокім смуткам успрынялі вестку пра тое, што ў выніку жудаснага злачынства пайшоў з жыцця кіраўнік польскага горада.
„У гэты дзень жалобы ад імя беларускага народа і ад сябе асабіста выказваю шчырыя спачуванні вам, родным і блізкім аднаго з найбольш паважаных муніцыпальных кіраўнікоў Польшчы, а таксама ўсяму польскаму народу”, — падкрэсліў Лукашэнка.
Мэр Гданьска Павел Адамовіч быў паранены падчас дабрачыннага канцэрта ўвечары 13 студзеня. Калі ён быў на сцэне, туды забег раней судзімы 27-гадовы мясцовы жыхар і некалькі разоў ударыў мэра нажом. Злачынец пракрычаў у мікрафон, што гэта помста за нібыта несправядлівы турэмны тэрмін.
53-гадовы Адамовіч памёр у бальніцы 14 студзеня. Ён кіраваў Гданьскам 20 гадоў. На апошніх мясцовых выбарах, якія прайшлі ў мінулым годзе, ён заручыўся падтрымкай 65% насельніцтва.
У сувязі са смерцю Адамовіча прэзідэнт Польшчы прыняў рашэнне абвясціць нацыянальную жалобу з 17.00 18 студзеня да 19.00 19 студзеня.
У пасольстве Польшчы ў Беларусі будзе адкрыта кніга спачуванняў. Пакінуць запіс у кнізе спачуванняў можна будзе з 10.00 да 15.00 21 студзеня. Адрас пасольства: Мінск, вул. Змітрака Бядулі, 11 (10-ты паверх).
belapan.by