Лукашэнка выказаўся пра ўваходжанне ў склад Расеі
Аляксандр Лукашэнка падчас звароту да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і чальцоў Савета Рэспублікі шостага і сёмага скліканняў заявіў, што Беларусь настроеная на канструктыўнае ўзаемадзеянне з Расеяй, але на раўнапраўных асновах:
– Запомніце. Я не пацан, які адпрацаваў 3-5 гадоў прэзідэнтам, мне хапіла, вось так. І я не хачу перакрэсліць усё тое, што зрабіў разам з вамі і народам, стварыўшы незалежную, суверэнную дзяржаву, каб яе зараз укласці ў нейкую скрыню з крыжам наверсе і кудысьці выкінуць і перадаць. Гэтага пры мне не будзе ніколі. Мы ніколі не збіраліся і не збіраемся ўваходзіць у склад іншай дзяржавы, нават «брацкай» Расеі.
У той жа час на гэтую тэму выказаўся і прэм’ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў. Паводле яго, інтэграцыю Расеі і Беларусі трэба захаваць і знайсці «развязкі» па ўсіх праблемных пытаннях, у тым ліку з энерганосьбітамі і цэнамі. Пры гэтым Мядзведзеў нагадаў, што любая інтэграцыя – гэта частковае памяншэнне суверэнітэту, але гэтага, паводле яго, не трэба баяцца. Нагадаем, што заўтра ў Сочы павінна адбыцца сустрэча Дзмітрыя Мядзведзева і Сяргея Румаса, а 7 снежня пройдзе сустрэча Александра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.
Беларускае Радыё Рацыя