Лукашэнка выказаўся пра затрыманых вагнераўцаў
Аляксандр Лукашэнка 1 жніўня заслухаў даклад кіраўніка КДБ Валерыя Вакульчыка і старшыні Следчага камітэта Івана Наскевіча па сітуацыі з затрыманымі 33 баевікамі ПВК „Вагнера”.
Лукашэнка заявіў, што яны „вінаватыя, але не настолькі”, перадае „Беларусь-1”. Пасля справаздачы Вакульчыка кіраўнік дзяржавы адзначыў:
„Многія факты (вы мне пісьмова далажылі) цікавыя. Я гляджу, прымоўклі і нашы старэйшыя браты. Ужо не крычаць, што яны пасылалі гэтых хлопцаў у Стамбул. Ніякага Стамбула не было і быць не магло, як аказалася на паверку. Ясна, што ў гэтай групы былі іншыя мэты. І задача следства – высветліць гэтыя мэты”.
Разам з тым Лукашэнка папрасіў следства быць акуратнымі з затрыманымі баевікамі.
„Яны, канешне, вінаватыя, але не настолькі, каб у дачыненні да іх прымаць нейкія жорсткія меры. Гэта жаўнеры. Ім загадалі – яны пайшлі. Разбірацца трэба з тымі, хто загадваў, хто іх сюды пасылаў”, – сказаў ён.
У ноч на 29 ліпеня беларускія сілавікі затрымалі 32 грамадзянаў Расеі, баевікоў ПВК „Вагнера”, у санаторыі „Беларусачка” пад Менскам. 33-га затрымалі ў Калінкавічах. Паводле СК, расейцы падазраюцца ў „арганізацыі масавых беспарадкаў” і праходзяць па адной справе з Сяргеем Ціханоўскім і Мікалаем Статкевічам, пры тым што Ціханоўскі знаходзіцца ў СІЗА з 29 траўня.
Пазіцыя расейскага боку палягае ў тым, што дадзеная група прыбыла ў Беларусь транзітам і накіроўвалася ў Стамбул. Уладзімір Пуцін правёў нараду Савету бяспекі, падчас якой выказаў надзею, што расейцы хутка будзе вызваленыя, а беспадстаўныя абвінавачванні – знятыя. МЗС Расеі, у сваю чаргу, назваў інфармацыю беларускіх уладаў „адыёзнай трактоўкай” сітуацыі. 1 жніўня прадстаўнікі консульскага аддзелу амбасады Расеі наведалі затрыманых.