Лукашэнка выступіў з пасланнем да народу (абноўлена)
Аляксандар Лукашэнка выступіў з традыцыйным штогадовым пасланнем да народу і Нацыянальнага сходу. Зварот пачаўся аб 11-ай. Выступ транслявалі ў жывым эфіры па тэлеканале «Беларусь-1» і Першым нацыянальным канале Беларускага радыё.
[youtube id=”p75nSSlT2J4″]
На паседжанні прысутнічала 54 чальца Савету рэспублікі і 109 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
Некаторыя часткі выступу кіраўніка краіны былі дастаткова неардынарнымі. У прыватнасці, вось як Лукашэнка выказаўся пра дзяцей і цэлібат:
– Я крытыкую нячаста нашых святароў асабліва высокага ўзроўню – ну, так за сям’ю агітуюць. Я кажу: “Ваша Свяцейшыства, а колькі дзяцей ў Вас – „Няма”. – Дык што Вы агітуеце за дзяцей? Для таго, каб ратаваць за сям’ю і дзяцей, трэба самім мець дзяцей”. Што за цемрашальства – святар высокага ўзроўня не мае права мець дзяцей. Вось упэўнены – недзе ўціхую нешта “касячаць”.
Нунцый Клаўдыё Гуджэроці, які прысутнічаў на выступе Лукашэнкі, зарагатаў пры гэтых словах.
[youtube id=”hy8G1GyYVPY”]
Эканамічным праблемам прысвяціў амаль гадзіну свайго выступу з пасланнем Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік Беларусі згадаў пра інфляцыю, рост беспрацоўя і падзенне вытворчасці на прадпрыемствах.
Паводле Лукашэнкі, усе крызісныя з’явы – гэта вынік уплыву знешніх фактараў, але пры гэтым адзначыў, што развітыя эканомікі свету пабудаваныя на ведах і паслугах:
– Яна ўжо стала асновай найбольш развітых краін свету, такіх як ЗША, краіны Еўрапейскага звязу, Японія, Ізраіль. Курс на яе будаўніцтва ўзяў і Кітай. І перад намі стаіць тая ж задача. Відаць, трэба прызнаць, што мы спазняемся з яе вырашэннем. Ёсць яшчэ адна прычына нашых праблем – якасць і прадукцыйнасць працы. Яны незаўсёды канкурэнтныя.
Для змагання з крызіснымі з’явамі Лукашэнка запрапанаваў прыняць антыінфляцыйную праграму, загадаў стрымаць цэны на ЖКГ і важныя тавары, заявіў пра індульгенцыя на праверкі для кіраўнікоў некаторых прадпрыемстваў ды закрыццё нерэнтабельных прадпрыемстваў.
[youtube id=”QrzquLHLqys”]
Практычна палову са свайго амаль трохгадзіннага паслання Аляксандр Лукашэнка прысвяціў эканоміцы. Паводле Лукашэнкі, усе крызісныя з’явы ў Беларусі з’яўляюцца вынікам санкцый супраць Расеі, крызісу ў суседніх краінах ды падзення цэнаў на энергарэсурсы. Прагучалі і прапановы, якія, паводле эканаміста Леаніда Заікі, з вуснаў Лукашэнкі гучаць смешна:
– Там былі такія смешныя рэчы: развіваць форэкс, выходзіць на сусветны фінансавы рынак. Але так і не сказалі вось пра што: многае тлумачыцца Мытным саюзам. Калі ўвайшлі ў яго, то атрымалі канкурэнцыю з расейскімі таварамі. Яны ніжэйшыя па цане, яны ашчаджаюць на маштабах вытворчасці – у іх больш выгодныя пазіцыі. І тут памылка – пралічыліся.
Паводле Леаніда Заікі, з пункту гледжання эканамічнага аналізу, цягам паслання так і не былі выказаныя нейкія рэальныя прапановы па нармалізацыі сітуацыі ў беларускай эканоміцы.
Аляксандр Лукашэнка на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі выступае з Пасланнем да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Жывая трансляцыя вядзецца на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё і на тэлеканале „Беларусь 1″.
“Вельмі насычаны год, таму Пасланне будзе некалькі своеасаблівым,” – сказаў Лукашэнка. Ён выкажацца сярод іншага на тэму 70-годдзя Перамогі і спробаў перапісаць гісторыю, згадае пра парад Перамогі. Паводле слоў Лукашэнкі, на працягу года будуць праведзеныя тры нарады: па сельскай гаспадарцы, па сітуацыі ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы і аналізу сітуацыі ў адукацыі.
Традыцыйна выступ Лукашэнкі цягнецца некалькі гадзін, пасля чаго дэпутаты могуць задаць кіраўніку дзяржавы пытанні. Таксама на выступ Лукашэнкі звычайна запрашаюцца сябры ўраду, прадстаўнікі дзяржаўных СМІ, замежныя дыпламаты. Адметная рыса гэтага паслання – тое, што яно адбудзецца за паўгода да прэзідэнцкіх выбараў.
[youtube id=”3FsdAC4jyPQ”]
Беларускае Радыё Рацыя