Лукашэнка выступіў з пасланнем да народа і парламента
Моўнае пытанне ў Беларусі закрытае, заявіў Аляксандр Лукашэнка 19 красавіка падчас звароту да народа і Нацыянальнага сходу.
У краіне зноў пайшла „моўная хваля”, сказаў Лукашэнка. „Я ж вас прасіў: не падымайце гэтае пытанне наогул. Яно закрытае ў Беларусі. У нас дзве дзяржаўныя мовы — руская і беларуская. Не ўкраінская, не расійская, а руская, вы разумееце? Руская, у якую мы душу ўклалі. Людзі гінулі, разам з рускімі людзьмі ваявалі. Гэта наш агульны здабытак”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
„Калі хто-небудзь хоча страціць розум, ён страціць рускую мову, калі хто-небудзь хоча страціць сваё сэрца, страціць беларускую. Што вы хочаце страціць: розум ці сэрца?” — звярнуўся Лукашэнка да прысутных.
Ён звярнуў увагу на скаргі на перабор з беларускай мовай на шыльдах і білбордах. „Зноў нейкія скаргі, ужо і ад нашага насельніцтва, не кажучы ўжо пра расіян, — сказаў Лукашэнка. — Недзе шыльды аператыўна мяняюцца, яшчэ нешта. Да глупстваў даходзіць. Еду па дарозе, як яе называюць, прэзідэнцкай, вывесілі табло „Выконвай хуткасны рэжым!”. Мне, як беларусу, зразумела, што хацеў сказаць аўтар. Едзе рускі чалавек або рускамоўны беларус, які лепш ведае рускую мову. Адзінае, што чалавек зразумее, гэта слова „рэжым”. А хто зразумее, што гэта хуткасны рэжым, а не дыктатура Лукашэнкі?” Як лічыць кіраўнік дзяржавы, толькі 50% насельніцтва зразумее, чаго патрабуе дарожнік або даішнік.
* * *
У Беларусі будзе падтрымлівацца развіццё вытворчага малога бізнесу, а не „драбязе” і „мяшочнікам”.
Ён адзначыў, што ў краіне створаныя ўмовы для развіцця прадпрымальніцтва. „Дзейнічайце, але памятайце, што вакол нашых гігантаў (прамысловых. — БелаПАН.) вы заўсёды працу знойдзеце”, — сказаў Лукашэнка і растлумачыў, што мае на ўвазе кааперацыю буйнога вытворчага бізнесу з малым.
„Я звяртаю на гэта асаблівую ўвагу, таму што апошнім часам толькі і чуваць: малы, сярэдні бізнес, малы, сярэдні бізнес… Давайце не будзем граху таіць, у што часам ператвараецца наш малы і сярэдні бізнес — у „тарбэшнікаў” і „мяшочнікаў”, як часта ў народзе кажуць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Але не трэба забываць, што і дабрабыт, і моц народа — у моцных прадпрыемствах. Калі нас хтосьці паправіць — ну давайце, „драбяза” няхай працуе — і мы забываемся пра тое, што тавары трэба вырабляць”.
У якасці прыкладу Лукашэнка прывёў вопыт Італіі, дзе малы бізнес вырабляе ад музычных інструментаў да складанага абсталявання.
***
«Каб не хадзіць з працягнутай рукой». Падчас паслання Аляксандр Лукашэнка згадаў нафтаперапрацоўчыя заводы. Напачатку свайго звароту Аляксандр Лукашэнка прыгадаў таксама буйныя прадпрыемствы, якія на ягоную думку, удалося захаваць і даць ім другое жыццё.
– І трэба, улічваючы сённяшнюю сітуацыю, асаблівую ўвагу звярнуць на скарэйшае выкананне мадэрнізацыі двух нафтаперапрацоўчых заводаў. Каб мы не хадзілі з працягнутай рукой і нікому не кланяліся, а куплялі нафту як усе на сусветным рынку, перапрацоўвалі ў сябе і атрымлівалі адпаведны прыбытак. Мы на фінішнай стадыі. Трэба паскорыць працу.
Як паведамлялася, мадэрнізацыя заводаў «Нафтан» і «Мазырскі НПЗ» накіравана на павелічэнне магутнасцяў і глыбіні перапрацоўкі нафты. Агульны кошт праекта мадэрнізацыі складае звыш 3 мільярдаў даляраў. Пасля мадэрнізацыі беларускія НПЗ будуць мець магутнасці па перапрацоўцы 12 млн тон нафты ў год.
***
„У пытаннях суверэнітэту і бяспекі ў нашай знешняй і ўнутранай палітыцы не было і не будзе месца ніякім кампрамісам”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 19 красавіка з пасланнем народу і парламенту.
„Вось ужо чвэрць стагоддзя ў нашай краіне існуе замацаваная ў Канстытуцыі традыцыя штогадовага звароту прэзідэнта да беларускага народа і нашага парламента, — сказаў ён. — Юбілейны для нашага Асноўнага закона год мы з вамі сустракаем у звыклым, але абноўленым інтэр’еры будынка, які з’яўляецца летапісам нашай палітычнай гісторыі. Гісторыі станаўлення незалежнай дзяржавы, заснаванай на прынцыпах пераемнасці, справядлівасці і роўнасці перад законам, гатовай абнаўляцца і ісці ў нагу з часам. Менавіта Авальная зала ў канцы мінулага стагоддзя стала сведкай змены эпох, эпіцэнтрам падзей, якія кардынальна змянілі лёс беларускага народа, сталі пунктам адліку нашай найноўшай гісторыі”.
Лукашэнка нагадаў, што менавіта ў будынку парламента была распрацаваная і прынятая Канстытуцыя Беларусі. „Гэты найважнейшы дакумент — квінтэсенцыя беларускай дзяржаўнасці ад яе старажытных вытокаў, імкнення нашых продкаў заявіць пра сябе як пра нацыю, якая адбылася, да стварэння ўласнай дзяржавы на зямлі, што па праве нам належыць”, — сказаў ён.
„Рэспубліка Беларусь з’явілася на карце свету амаль тры дзясяткі гадоў таму, — адзначыў Лукашэнка. — Набыўшы незалежнасць, яна будавалася і развівалася ва ўмовах складаных геапалітычных, эканамічных, грамадскіх, рэгіянальных і глабальных трансфармацый. Мы знаходзіліся пад пільнай увагай сусветнай супольнасці. За намі назіралі, ацэньвалі, часам, а то і часцяком навешвалі ярлыкі і ставілі ва ўмовы эканамічнай і палітычнай блакады. Але праз церні санкцый і выпрабаванні сусветнымі крызісамі мы выйшлі да вызначаных мэтаў. у цэнтры Еўропы стварылі сваю краіну — мірную, стабільную і вельмі прыгожую. Беларусь — краіну для жыцця чалавека”.
Паводле слоў Лукашэнкі, за параўнальна кароткі час удалося выбудаваць новую дыпламатычную лінію вонкавага ўзаемадзеяння. „Мы выступілі не толькі ініцыятарам, але і актыўным удзельнікам еўразійскіх інтэграцыйных праектаў. Здолелі захаваць нейтралітэт у адносінах да вядомых глабальных і рэгіянальных канфліктаў”, — сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што Беларусь звярнулася да сусветнай супольнасці з заклікам да новага шматбаковага дыялогу па ўмацаванні мер даверу, бяспекі і супрацоўніцтва. „Занялі цвёрдую пазіцыю ў сучаснай геапалітычнай сістэме. Развіваючы адносіны з нашымі стратэгічнымі саюзнікамі і замежнымі партнёрамі ў розных частках зямнога шара, ні на крок не адступілі ад прынцыпаў самастойнага прыняцця рашэнняў, падпарадкаваных уласным нацыянальным інтарэсам, але якія ні ў якім разе не супярэчаць іншым народам і нашым суседзям”, — сказаў Лукашэнка.
Ён таксама дадаў: „Неаднаразова перажыты досвед падзелу беларускага народа і перакройвання межаў прымушае нас высока цаніць сённяшняе адзінства і тэрытарыяльную цэласнасць. Таму памяць пра Вялікую Айчынную вайну для нас непарушная і святая. Наша гісторыя пачалася больш за тысячу гадоў таму, але яна цалкам магла б скончыцца ў 40-я гады мінулага стагоддзя, калі б не гераізм нашага савецкага народа. У дзень 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы будзем адзначаць важную для нашай краіны і дзяржаўнасці дату, якая стала сімвалам незалежнасці і свабоды роднай зямлі”.
У гэты знакавы год, сказаў Лукашэнка, трэба будзе „падарыць краіне яркія, мірныя перамогі, прыняць маштабнае міжнароднае спартовае першынство і годна сустрэць шматлікіх замежных гасцей, спартсменаў і балельшчыкаў”. „Вядома, мы павінны працягнуць ажыццяўляць наш вялікі дзяржаўны праект — малая радзіма. Усё гэта задачы на найбліжэйшую перспектыву, безумоўна, вельмі важныя для Беларусі”, — падкрэсліў ён.
***
Урад і іншыя дзяржаўныя органы павінны не дапускаць непамернага росту цэн на неабходныя народу тавары, заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 19 красавіка з пасланнем народу і парламенту.
Паводле яго слоў, калі цэны на тавары будуць высокімі, то „зарплата заўсёды будзе здавацца недастатковай”. Лукашэнка яшчэ раз запатрабаваў ўтрымліваць інфляцыю ў межах 5%, але падкрэсліў, што „гэта агульная лічба”, а на ўзроўні асабістага ўспрымання „інфляцыя ў кожнага свая”.
„Чалавек мяркуе пра рост цэн не па агульным спажывецкім кошыку, а па найбольш значных 6—8 пазіцыях тавараў і паслуг свайго штодзённага попыту, — перакананы ён. — І да вашага ведама, бо гэтыя 6—15, 20 пазіцый залежаць толькі ад нас з вамі. Гэта прадукты харчавання. Мы крычым, выхваляемся на ўвесь свет, што мы забяспечылі свой народ і экспартуем аж больш [чым на] 5 мільярдаў сельскагаспадарчай прадукцыі, і гэта праўда. Дык чаму не можам па нармальных цэнах накарміць уласны народ? Адна з прычын — загуляліся ў рынак і дэмакратыю ў эканоміцы”.
Звяртаючыся да Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і прафсаюзаў, якія маюць паўнамоцтвы „кантраляваць ад імя народа цэнаўтварэнне”, Лукашэнка ў чарговы раз даручыў ім жорстка кантраляваць рост цэн: „Выбірайце любы шлях, але скаргаў людзей на празмерны рост цэн на гэтыя 20 пазіцый, ад якіх залежыць жыццё перш за ўсё малазабяспечанага насельніцтва і нашых пенсіянераў [быць не павінна], цэны павінны быць прымальнымі”.
„Бачыце, баімся, што нас будуць крытыкаваць дзесьці на Усходзе ці на Захадзе за тое, што мы няправільнымі метадамі рэгулюем цэны, праводзім палітыку цэнаўтварэння, — заявіў Лукашэнка. — Ды пляваць, што пра нас скажуць там, важна, што скажа ўласны народ пра нас. Прыклады прыводзіць не трэба, асабліва ў суседзяў на поўдні вы бачыце, да чаго гэта прыводзіць. Таму калі цэны пачынаюць недзе расці, то ўрад, мясцовыя органы ўлады павінны неадкладна рэагаваць. Пры гэтым жа гаворка не ідзе пра тое, каб павялічыць цэны так, што таваравытворца ці гандаль сыдуць з гэтай сферы. Нібыта там, ведаеце, усе загінуць, усе будуць стратнымі. Слухайце, там конь не валяўся. Там яшчэ столькі рэзерваў і зазораў. Там па кішэнях раскладваецца столькі грошай, што вам, дэпутатам, і іншым не снілася нават. Таму не трэба нават думаць пра тое, што мы ўлезем дзесьці, пачнем рэгуляваць цэны, і знікнуць з прылаўкаў прадукты. Не той час”.
„Мы павінны абавязкова разабрацца па кожнай канкрэтнай групе тавараў. Глыбока ўнікаць у парадак фармавання цэн на ўсіх этапах і высвятляць, чым выкліканы гэты рост. Калі хтосьці паскардзіўся… ну хапае начальніку і разумных, талковых эканамістаў, якія могуць палічыць любую цану і паглядзець, ці рэнтабельная гэтая цана для гандлю і таваравытворцы”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Для стрымлівання росту цэн Лукашэнка запатрабаваў ад урада „ствараць асяроддзе для здаровай і сумленнай канкурэнцыі”. Паводле яго слоў, у асобных „манапольных галінах ёсць спробы дыктаваць свае цэны і тарыфы”, таму ён запатрабаваў „жорстка спыняць цэнавую змову, выраўноўваць умовы, адмяняць усякія індывідуальныя льготы”. „Міністэрству антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Камітэту дзяржаўнага кантролю, прафсаюзам і іншым упаўнаважаным дзяржорганам — жорстка сачыць за тым, каб закон не парушаўся, прымаць неабходныя меры без дадатковых даручэнняў прэзідэнта. Рашэнні павінны быць сацыяльна адказнымі”, — падкрэсліў афіцыйны лідар.
belapan.by