Лукашэнка выступіў са штогадовым пасланнем
Аляксандр Лукашэнка звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Выступ трансляваўся на першых каналах радыё і ТБ.
[youtube id=”4XWxbKO6yI0″]
Традыцыйна ён зацягваўся на некалькі гадзін, але сёння быў на гадзіну 12 хвілін меншы, чым у мінулым годзе. “З-за крызісу,” – як ужо з’едліва пракаментавалі ў незалежных СМІ. Меркаванні адмыслоўцаў наконт найбольш адметных ды знакавых выказванняў Лукашэнкі збіраў Віталь Сямашка.
Таццяна Караткевіч, экс-кандыдат у прэзідэнты, кіраўніца незарэгістраванага перадвыбарчага аб’яднання “ТаК” грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду”.
РР: Лукашэнка сказаў, што хацеў бы ў новым парламенце бачыць да 30% са старога складу сённяшняй Палаты прадстаўнікоў. На Вашую думку, гэта пакідае прастору для выбарчай кампаніі?
Таццяна Караткевіч:
– Трэба каб выбаршчыкі вырашалі, хто будзе ў парламенце.
РР: Мы ж ведаем практыку, калі ён гаворыць, што хоча бачыць 30% у парламенце, то значыць 30% старога складу ўжо заангажавана.
– Я буду ўдзельнічаць для таго, каб перамагчы і данесці свае ідэі і прапановы. У мяне ў любым выпадку ёсць шанец, бо ўсё залежыць ад маіх выбаршчыкаў.
Сяргей Няроўны, рэдактар незалежнай газеты “Вольны горад” у Крычаве.
РР: Як Вы ставіцеся да слоў Лукашэнкі пра штогадовае стварэнне 50 тысяч працоўных месцаў, з улікам таго, што на тым жа “Крычаўцэментнашыферы” за апошнія паўтара года было звольнена паўтары тысячы чалавек, 500 з якіх – сёлета? Ці магчыма стварэнне новых працоўных месцаў?
Сяргей Няроўны:
– Я лічу, што гэтыя словы – чыстая прапаганда. Што тычыцца Крычава, то тут ніякіх новых працоўных месцаў не прадбачыцца. Няма інвестыцый, не будуюцца новыя прадпрыемствы. Словы Лукашэнкі не тычацца нашага горада, і я не веру, што яны тычацца ўсёй рэспублікі.
Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік Незалежнай Беларусі.
РР: Станіслаў Станіслававіч, пасля звыклых тэзаў пра апазіцыйную “пятую калону” прагучала тое, што жывем мы хоць і ў адным доме, але ў сваёй асобнай кватэры, і мы не “хлопчыкі на пабягушках” для Расеі, а самастойная дзяржава. У пэўным сэнсе гэта ўжо расцанілі як дыстанцыянаванне ці шматвектарнасць, якой Лукашэнка, як ён сам сказаў, прытрымліваецца апошнія два дзесяцігоддзі.
Станіслаў Шушкевіч:
– Гэтае выступленне – спектакль, які ён заўсёды ставіць. Ён без Расеі не можа пратрымацца. Гэта ўсё робіцца, каб адцягнуць народ ад дрэннага эканамічнага становішча, непараўнальна горшага, чым у краінах рынкавай эканомікі і дэмакратыі, калі парламент прымае патрэбныя грамадству законы.
РР: Немагчыма трымаць на вытворчасці з-за беспрацоўя, трэба, як сказаў Лукашэнка, перайсці цераз дарогу, узяць за руку працаўнікоў і ўладкаваць…
Станіслаў Шушкевіч:
– А дзе ж гэтыя працоўныя месцы? Я абсалютна не ўспрымаю гэтую хлусню, гэта адсутнасць розуму. Гэта спектакль для захавання ўлады!
Лукашэнка заявіў напачатку, што “стратэгічныя пытанні” развіцця краіны абмяркоўвацца не будуць – маўляў, перанесеныя на V Усебеларускі сход. Абышлося гэтым разам і без адказаў на пытанні дэпутатаў і ў кулуарах – прадстаўнікоў СМІ.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота БелТА