Лукашэнка: Я другі раз за апошні тыдзень трапляю ў рай



Аляксандр Лукашэнка ад паездкі ў Іўеўскі раён (Гарадзенская вобласць) „чакаў горшага”, але мясцовыя жыхары яго „прыемна здзівілі”. Пра гэта ён заявіў падчас размовы з жыхарамі раёна 21 жніўня.

„Я чакаў горшага, але вельмі рады, што ў вас тут вельмі добра, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Аднак галоўнае, каб вы жылі мірна. Я часта людзям кажу: не рвіцеся куды-небудзь, не чакаюць нас там. Час цяпер такі, што адарвешся ад сваёй зямлі — прызямліцца няма дзе. Таму беражыце сябе, беражыце сваіх дзетак. Мы будзем старацца дапамагаць вам. У вас ёсць дзе працаваць, трэба толькі мець жаданне. Ніхто нічога не прынясе і не дасць, трэба сваімі ручкамі ўсё зарабіць. І не мне вам казаць: вы людзі працавітыя”.

Кіраўнік дзяржавы сказаў, што падчас паездкі ў Гарадзенскую вобласць хацеў наведаць менавіта Іўе, як яго не адгаворваў губернатар, каб паглядзець, як развіваюцца раёны на ўскраіне вобласці. „Шчыра скажу, вы мяне прыемна здзівілі. Я думаў, прыеду цяпер у Іўе, а там якая-небудзь цёмная вёска ці заняпалы горад, — прызнаўся ён. — Калі прыехаў на гэты курорт, я губернатару кажу: „Ты наогул малайчына!” І гэта ж не зробіш да прыезду”.

Паводле слоў Лукашэнкі, многія замежнікі, калі прыязджаюць у Беларусь, дзівяцца яе прыродзе і кажуць, што быццам трапілі ў рай. „Я другі раз за апошні тыдзень трапляю ў рай: першы раз у Старых Дарогах — самы лясны наш раён. Я даўно-даўно там быў. Прыехаў, думаю: цікава, як яно. Слухайце, як на курорце людзі жывуць: вакол лясны масіў, людзі задаволеныя”, — адзначыў ён.

Афіцыйны лідар дадаў, што „ў рэгіёнах хапае праблем, але калі ў людзей ёсць магчымасць спакойна жыць, тады ў іх усё атрымліваецца”. „Дзякуй вам за тое, што вы дужыя людзі. Я зараз магу быць спакойны, што губернатар працуе не толькі ў Гародні і побач, але і на ўскраінах”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Як адзначае яго прэс-служба, летась у Іўі прайшоў рэгіянальны фестываль „Дажынкі”, прысвечаны збору ўраджаю, і падчас падрыхтоўкі да свята „горад быў значна зменены”.

Лукашэнка заўважыў, што фестываль вырашылі праводзіць у розных раёнах менавіта для таго, каб давесці да ладу невялікія населеныя пункты. „Усюды не пабываеш, але я стараюся ў дзяржаўным маштабе адзначыць асабліва сёлета гэтае свята і людзей. Вы бачыце: год быў не лёгкі — спачатку засушыла, потым заліло, і ўбіраць было цяжка. Тым не менш сяляне змагаюцца, і за гэта ім таксама трэба падзякаваць”, — падкрэсліў ён.

Беларускі кіраўнік заўважыў, што адна з асаблівасцей Іўя ў тым, што тут жыве вялікая колькасць мусульман. Лукашэнка канстатаваў, што ў Беларусі прадстаўнікі ўсіх рэлігій жывуць у міры. „Вы іх ні ў якім разе не крыўдзіце, у мяне з імі асаблівыя адносіны, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Заўсёды з намі супрацоўнічаюць, нас падтрымліваюць усюды. Таму я быў вельмі рады, калі мне старшыня райвыканкама сказаў, што абсалютна мірна жывуць, дапамагаюць адзін аднаму”.

Лукашэнка таксама ўспомніў пра тое, што ў раёне вырошчваюць шмат памідораў і праводзяць свята, ладзячы „таматныя бойкі”, паведамляе прэс-служба. Ён паабяцаў прыехаць на гэты фестываль.

БелаПАН