Лукашэнка: Я ем тое ж, што і вы, толькі менш



У час сустрэчы з кіраўнікамі і калектывамі дзяржаўных СМІ 10 красавіка ў Менску Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанне, якое паступіла па інтэрнэце, пра яго дыету.

„Тры яйкі раніцай, у абед — мяса, увечары — рыба, колькі хочаш. Жорсткая дыета, бялковая”, — цытуе Лукашэнку БелТА. Кіраўнік дзяржавы дадаў, што паміж асноўнымі прыёмамі ежы ён робіць невялікія перакусы. Аднак акрамя правільнага харчавання, адзначыў ён, важна займацца спортам — прыблізна дзве гадзіны на дзень.

Лукашэнка падкрэсліў, што сілкуецца тымі ж прадуктамі, што і грамадзяне краіны. „Я ем тое, што ясцё і вы, толькі ў зусім малых колькасцях”, — растлумачыў ён. Афіцыйны лідар заявіў, што купляе прадукты ў звычайных крамах, часам — на Камароўскім рынку ў Менску. Ён таксама паведаміў, што любіць параўноўваць адны і тыя ж прадукты ад розных беларускіх вытворцаў.

„Шчаслівы, што ў нас у Беларусі абсалютна бяспечнае харчаванне”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым Лукашэнка нагадаў, што бяспека беларускіх прадуктаў харчавання — яго „вельмі жорсткае патрабаванне”. Паводле яго слоў, высокую якасць айчынных прадуктаў пацвярджае тое, што харчаванне купляюць у тым ліку ў Кітаі і краінах Еўразвяза.

БелаПАН

Фота: Shutterstock