Лукашэнка: Я катэгарычна супраць ломкі сістэмы беларускай адукацыі
Сістэму беларускай адукацыі неабходна ўдасканальваць, а не ламаць, заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 24 жніўня на пленарным пасяджэнні Рэспубліканскага педагагічнага савета ў Менску.
„Вы ведаеце мае падыходы па пераўтварэнні, удасканаленні, дзесьці рэфармаванні сістэмы нашай адукацыі. Сутнасць гэтых падыходаў у тым, што я катэгарычна супраць нейкай ломкі, нават рэфармавання ў поўным сэнсе гэтага слова”, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.
Ён заявіў, што пытанне аб захаванні 10-бальнай або вяртання да 5-бальнай сістэме адзнак не асноўнае: „10-, 5-бальная сістэма… Усе спрачаюцца, якой быць заўтра ацэнцы і гэтак далей. Не асноўнае пытанне. Мае месца, але не асноўнае”.
Лукашэнка нагадаў, што да 10-бальнай сістэмы адзнак некалькі гадоў таму ў Беларусі перайшлі хутка і без дыскусій, не праверыўшы і не пратэставаўшы яе. „Сёння многія пачынаюць разважаць, а ці правільна зрабілі, — заўважыў ён. — Некаторыя кажуць, што трэба вярнуцца да 5-бальнай: яна была зразумелай, яна была не горшай за гэтую. Шмат хто кажа, што не трэба і г. д. Гэта адзін з прыкладаў, калі мы, не прадумаўшы, на практыцы не праверыўшы накірунак дзейнасці ў гэтай сферы, хуценька за яе схапіліся. Прайшоў час — выявілася, што, па крайняй меры, без гэтага можна было абысціся”.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што прафесія педагога не для выпадковых людзей. „У кожнага з нас былі настаўнікі, якія не толькі прышчапілі любоў да свайго прадмета, але і шмат у чым вызначылі жыццёвы шлях. Таму ў Беларусі педагогі нязменна па праве карыстаюцца асаблівай павагай і ўвагай, — падкрэсліў ён. — Гэтая прафесія не для выпадковых людзей. Менавіта ад асобы школьнага педагога, яго прафесіяналізму залежыць фармаванне будучых пакаленняў. Ён не толькі дае веды, але і выконвае нялёгкую місію выхавальніка, а гэта не проста праца, гэта падзвіжніцтва. Асоба педагога, яго пазіцыя і светаадчуванне — вось што зараз асабліва важнае”.
„Сёння часта школьнікаў і студэнтаў вучаць карыстацца толькі гатовым наборам ведаў. Вучні перастаюць аналізаваць, разважаць. Без інтэрнэту многія ўжо не здольныя лагічна сфармуляваць думку, выказаць сваё меркаванне. Як следства, з аднаго боку, мы бачым недахоп прафесіяналаў, з іншага — незадаволенасць працадаўцы супрацоўнікамі. Такі падыход у адукацыі непрымальны”, — падкрэсліў Лукашэнка.
Ён лічыць, што, удасканальваючы сферу адукацыі, у Беларусі „павінны карыстацца прынцыпамі дзяржаўнай падтрымкі, сацыяльнай справядлівасці і роўнага доступу да адукацыі”. „Нас чакае вялікая праца па развіцці чалавечага патэнцыялу. Таму неабходна аб’ектыўна, без эмоцый даць ацэнку вынікам развіцця ўсіх звёнаў нацыянальнай адукацыі, акрэсліць перспектывы яго ўдасканалення. Вядома, ужо шмат зроблена ў гэтым кірунку, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Галоўнае — мы захавалі станоўчыя дасягненні, якія дасталіся нам у спадчыну ад папярэдніх пакаленняў. Сярод іх дзяржаўная падтрымка, сацыяльная справядлівасць, роўны доступ да адукацыі, яго годны ўзровень. Менавіта такімі прынцыпамі мы павінны кіравацца, плануючы любыя далейшыя пераўтварэнні ў гэтай сферы”.
Афіцыйны лідар заявіў, што дзяржаве трэба зрабіць усё, каб маладыя спецыялісты захацелі застацца ў сферы дашкольнай адукацыі. „Сёння нам трэба будзе вырашыць яшчэ адну задачу — укамплектаваць дзіцячыя сады кваліфікаванымі спецыялістамі. Накіроўваючы маладых спецыялістаў, трэба зрабіць усё, каб, адпрацаваўшы па размеркаванні, яны захацелі там застацца. Таксама неабходна ўдасканальваць праграмы і методыкі працы з выхаванцамі дзіцячых садоў”, — сказаў Лукашэнка.
„Ці вырашаныя ўсе пытанні, якія перашкаджалі педагогу ўкладваць душу ў сваіх выхаванцаў? Раней было шмат нараканняў на высокую загружанасць настаўнікаў неўласцівымі функцыямі. Летась міністэрства запэўніла: прыняты вычарпальны пералік школьнай дакументацыі, пытанне залішняга цяжару знятае. Аднак мяне інфармуюць, што нашы выкладчыкі па-ранейшаму скардзяцца на гэтую праблему. Хачу падкрэсліць, што галоўная задача настаўніка — вучыць і выхоўваць дзяцей, а не займацца паператворчасцю”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Падчас пленарнага пасяджэння Рэспубліканскага педагагічнага савета Лукашэнка даручыў у наступным годзе вырашыць пытанне настаўніцкіх зарплат і дыферэнцыяваць аплату працы ў адукацыі.
Ён заявіў, што новыя падручнікі па ўсіх прадметах будуць падрыхтаваныя да 1 верасня 2019 года. „Аснова школьнага навучання — добры падручнік. Гэта тое, што шмат у чым вызначае якасць ведаў вучняў. Нагадваю, галоўнае патрабаванне — змест навучальнага матэрыялу павінен быць аптымальным па аб’ёме, інфармацыі і яе глыбіні. Да 1 верасня 2019 года мы будзем мець новыя падручнікі”, — сказаў Лукашэнка.
Што да правілаў прыёму ў ВНУ, то кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: карэктаванне правілаў і інфармаванне грамадскасці пра змены павінны своечасовымі.
Лукашэнка раскрытыкаваў маладзёжныя арганізацыі за „залішняе захапленне паказушнымі мерапрыемствамі”, паведамляе прэс-служба.
„Склалася ўражанне, што апошнім часам нашы ідэалагічныя памочнікі — маладзёжныя арганізацыі, грамадскія — захапіліся флэшмобамі, піяр-акцыямі і іншымі паказушнымі мерапрыемствамі. Гэта таксама, напэўна, трэба, гэта сучасна. Яны, мабыць, забыліся, што іх галоўная задача — гэта штодзённая карпатлівая праца з моладдзю”, — сказаў ён.
На педсавет, які праходзіць сёння ў Мінску, запрошаныя больш за 800 чалавек, у ліку якіх вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі органаў дзяржкіравання, мясцовай вертыкалі ўлады, дэпутаты, работнікі ўстаноў адукацыі з усіх абласцей краіны.