Лукашэнка: Я магу вам заўтра даць тысячу даляраў зарплаты
Сярэдні ўзровень заработнай платы ў 500 даляраў у 2017 годзе — гэта не завоблачная лічба і не папулізм, заявіў Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з навуковымі работнікамі пасля цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара ў Менску.
„У нас няма такой катастрофы, калі нельга зарабіць. Зарабіць можна. Але тым не менш нам трэба павышаць жыццёвы ўзровень. Сярэдняя зарплата у 500 даляраў — гэта не завоблачная лічба. Папярэдне мяне праінфармавалі, што мы ўжо ў снежні мінулага года мелі пад 417 долараў сярэднюю заплату па краіне. Засталося зусім няшмат, каб дасягнуць 500 даляраў”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
Скептыкі, якія сцвярджаюць, што такога ўзроўню зарплаты дасягнуць немагчыма, ёсць і ва ўрадзе, заўважыў ён. „Немагчыма — кладзі партфель і сыходзь. Калі прэзідэнт паставіў задачу, яна павінна быць выкананая. Гэта што, задача, якую немагчыма рэалізаваць? Магчыма рэалізаваць. Проста трэба больш прадаць таго, што мы ўмеем рабіць, і таго, што не рабілі да гэтага часу. Прадавайце і плаціце людзям”, — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.
У некаторых краінах, падкрэсліў ён, „даходы багатых людзей у дзясяткі разоў перавышаюць даходы самых бедных слаёў насельніцтва”. „Глядзіш і на некаторых нашых багаценькіх (балазе, алігархаў у краіне няма): яны больш адпачываюць у год, чым працуюць. А паглядзіш, што працоўныя маюць у гэтага багатага чалавека, — гэта 350 даляраў. Дык як ты можаш адпачываць на Сейшэлах або Канарскіх астравах, а рабочым не плаціць? Таму гэта ніякі не папулізм, гэта жыццё нашых людзей. Як бы ні было складана, усё ж такі людзі разумеюць сітуацыю. За гэта трэба ім плаціць”, — лічыць Лукашэнка.
„Шмат не прашу — 500 даляраў. Вось трэба выйсці на 500 даляраў, а далей — няхай людзі стараюцца, больш націскаць не буду”, — сказаў беларускі кіраўнік. Пры наяўнасці бясплатнай адукацыі і медыцыны, нізкага кошту паслуг ЖКГ „і нават бензіну” гэты ўзровень зарплаты прымальны, дадаў ён.
„Я магу вам заўтра даць тысячу долараў. Але прыйшлі вучыцца ў школу — плаці, як на Захадзе, кінуўся ў навуку — плаці. Таму лепш нам не ламаць тое, што ёсць, а гэта паволі ўдасканальваць”, — лічыць Лукашэнка.
Паводле звестак Белстата, сярэдняя рэальная зарплата (з улікам росту спажывецкіх цэн на тавары і паслугі) у Беларусі за 2016 года скарацілася на 4%. Зніжэнне рэальнай зарплаты ў гадавым вымярэнні (месяц да месяца) назіраецца ўжо больш за паўтара года.
Сярэдняя намінальная налічаная заработная плата ў снежні 2016 года ў параўнанні з лістападам вырасла на 84 рублі і склала 801,6 рубля (прыкладна 400 даляраў). Гэта не адпавядае прагнозу Мінэканомікі, якое чакала рост гэтага паказчыка ў снежні да 884,1 рубля.