Лукашэнка з Пуціным прыйшлі да „прынцыповых пагадненняў”



Выступаючы 18 ліпеня на форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі ў Санкт-Пецярбургу Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ён з Уладзімірам Пуцін прыйшлі да „прынцыповых пагадненняў” па пытанні далейшай інтэграцыі дзвюх краін. Паводле слоў Лукашэнкі, ёсць цэлы шэраг „канкрэтных, істотных пытанняў, якія закранаюць інтарэсы суб’ектаў гаспадарання і грамадзян нашых краін”.

“Найбольшая небаспека ў дадзенай сітуацыі ў тым, што ўся адказнасць і ўсе магчымасці прыняцця рашэнняў, нават лёсавызначальных для Беларусі, сканцэнтраваная ў адных руках – Аляксандра Лукашэнкі”, – лічыць старшыня Руху “За Свабоду” Юры Губарэвіч:

– Канешне можна казаць, што перадусім ён зацікаўлены ў захаванні кантролю над сітуацыяй у Беларусі, адпаведна ўласнай улады, у магчымасці атрымання дывідэндаў з беларускай эканомікі, у тым ліку ў прыватную кішэню. Гэтая сітуацыя ўжо цягнецца дзесяцігоддзямі і няма падставаў думаць, што нешта паўплывае на змены. Аднак у Расеі з кожным разам знаходзіцца ўсё больш значныя аргументы – гэта скарачэнне фінансавай падтрымкі і павелічэнне палітычнага ціску на рашэнні, якія прымаюцца ў Беларусі, дзеля таго, каб схіліць Аляксандра Лукашэнку на больш глыбокую інтэграцыю.

Раней, на двухбаковых перамовах з Пуціным Лукашэнка прапанаваў яму зняць усе праблемныя пытанні ў адносінах Беларусі і Расеі да 20-годдзя саюзнай дамовы, якое будзе адзначацца ў снежні 2019 года.

Беларускае Радыё Рацыя