Лукашэнка з Пуціным сустрэнуцца 13 і 15 лютага
Перамовы прэзідэнтаў Беларусі і Расеі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна пройдуць 13 лютага ў Сочы і працягнуцца праз два дні — 15 лютага, паведамляе прэс-служба расейскага прэзідэнта.
„Падчас перамоў У. Пуцін і А. Лукашэнка абмяркуюць ключавыя пытанні двухбаковага парадку дня і перспектывы развіцця інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы”, — удакладнілі ў прэс-службе.
„З улікам канструктыўнага развіцця расейска-беларускага ўзаемадзеяння ў культурна-гуманітарнай сферы” 15 лютага пройдзе таксама сустрэча прэзідэнтаў з міністрамі дзвюх краін, якія курыруюць адукацыю, культуру і спорт. „Будуць абмеркаваны канкрэтныя прапановы па далейшым паглыбленні супрацоўніцтва ў гэтых важных галінах”, — дадалі ў прэс-службе.
31 студзеня адбылася тэлефонная размова Лукашэнкі з Пуціным. Бакі абмеркавалі „ўсе пытанні агульнага характару ў адносінах дзвюх краін”, паведаміла прэс-служба беларускага кіраўніка. У прыватнасці размова ішла аб наданні „найбольшай эфектыўнасці” працы міжурадавай групы па паглыбленні інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Кіраўнікі дзяржаў дамовіліся ў найбліжэйшы час правесці сустрэчу, каб абмеркаваць рэалізацыю дамоўленасцяў, дасягнутых на перамовах у Крамлі ў канцы мінулага года.
8 лютага Пуцін абмеркаваў адносіны з Беларуссю з членамі Савета бяспекі РФ.
Галоўная праблема ў беларуска-расейскіх адносінах сёння — падзенне даходаў беларускага бюджэту з-за расейскага падатковага манеўру ў нафтавай сферы. У Мінску налічылі каля 15 млрд долараў стратаў і разлічваюць на кампенсацыю. Масква ставіць прэферэнцыі ў залежнасць ад ступені інтэграцыі дзяржаў.
У снежні Лукашэнка і Пуцін двойчы сустракаліся ў Маскве. 25 снежня яны дамовіліся аб стварэнні рабочай групы „для вырашэння пытанняў у рамках далейшай інтэграцыі дзвюх краін”. Наступныя перамовы адбыліся 29 снежня і доўжыліся тры з паловай гадзіны. Афіцыйна іх вынікі апублікаваныя не былі. Адзіным вядомым вынікам стала стварэнне ва ўрадах дзвюх рабочых груп, з кожнага з бакоў, па праблемных пытаннях далейшай інтэграцыі.
Пасол Беларусі ў РФ Уладзімір Сямашка 7 лютага заявіў журналістам, што беларуска-расійская група па праблемных пытаннях інтэграцыі на наступным тыдні павінна прадставіць праграму дзеянняў.
Фота Reuters