Лукашэнка: З вуліцай ніхто з уладаў за стол перамоў не сядзе



Улада гатовая весці дыялог, у тым ліку па пытаннях абнаўлення Канстытуцыі, але не з вуліцай, заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 27 жніўня на нарадзе па пытаннях працы прамысловасці.

„Калі нехта хоча дыялогу — калі ласка. Як раз студэнцкія калектывы — гэта тыя калектывы, з якімі я гатовы весці дыялог. Працоўныя калектывы (я ўжо пра гэта казаў). Калі ласка, фармуйце сваіх прадстаўнікоў, і будзем весці дыялог”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

„Усе хочуць новага палітычнага ладу. Ды напрамілы бог, давайце возьмемся за Канстытуцыю, уносьце прапановы, сфармуем новую Канстытуцыю — гэта галоўны закон у любой краіне. І зыходзіць трэба ад Канстытуцыі”, — сказаў Лукашэнка.

У сувязі з гэтым ён заклікаў арганізаваць дыялог улады з працоўнымі і студэнцкімі калектывамі. „Давайце садзіцца — прадстаўнікі ўсіх працоўных калектываў, студэнцкіх калектываў (гэта будучая эліта нашай краіны, з імі і трэба весці гэты дыялог). І з працоўнымі калектывамі, якія сёння працуюць, не глядзяць ні на што. І сяляне маюць права на сваё слова, і рабочыя хочуць сваё слова сказаць, і спецыялісты гэтых прадпрыемстваў, і настаўнікі, і лекары”, — адзначыў Лукашэнка.

Ён дадаў, што гатовы весці дыялог з пералічанымі прадстаўнікамі грамадскасці. „Малойчыкі, якія буяняць, ходзяць па вуліцах і крычаць”, дыялогу з уладай не хочуць, лічыць Лукашэнка. „І з вуліцай ніхто з уладаў за стол перамоў не сядзе”, — падкрэсліў ён.

У той жа час, сказаў Лукашэнка, з „адэкватнымі” прадстаўнікамі апазіцыі ён гатовы весці дыялог. „Калі ёсць разумныя людзі ад апазіцыі, якія бачаць сваю краіну свабоднай і незалежнай, — калі ласка, выказвайце сваю пазіцыю, але не на вуліцы. Пад націскам вуліц ніякага дыялогу ў Беларусі не будзе”, — заявіў ён.