Лукашэнка „з вялікім шкадаваннем” успрыняў адстаўку Назарбаева



Аляксандр Лукашэнка правёў тэлефонную размову з Нурсултанам Назарбаевым, які прыняў рашэнне аб складанні прэзідэнцкіх паўнамоцтваў з 20 сакавіка 2019 года, паведаміла прэс-служба беларускага кіраўніка.

Лукашэнка адзначыў, што „з вялікім шкадаваннем успрыняў гэты крок свайго сябра”, і падкрэсліў, што яго з Назарбаевым звязваюць цесныя шматгадовыя рабочыя і сяброўскія адносіны. Яны „разам бралі ўдзел у выпрацоўцы важных рашэнняў як у сферы развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, так і ў шматбаковых фарматах, прымалі ўдзел у маштабных самітах і міжнародных форумах”.

Бакі дамовіліся „абавязкова сустрэцца” падчас юбілейнага саміту Еўразійскага эканамічнага саюза, які пройдзе ў Астане сёлета ў маі, каб абмеркаваць перспектывы далейшага ўзаемадзеяння, „асабліва з улікам таго, што казахстанскі лідар застаецца старшынёй Савета бяспекі — вельмі моцнага і ўплывовага органа ў структуры ўлады ў Казахстане”.

Назарбаеў як першы прэзідэнт краіны па Канстытуцыі мае статус лідара нацыі. Лукашэнка падкрэсліў, што гэта, „безумоўна, заслужаны статус”, бо сучасны Казахстан створаны і пабудаваны намаганнямі Назарбаева.

Выконваць абавязкі прэзідэнта будзе старшыня сената Казахстана Касым-Жамарт Такаеў, якога Лукашэнка „ведае асабіста”. Яны сустракаліся ў Мінску „на палях” сустрэчы асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. „Ужо тады дыялог прайшоў у канструктыўным ключы, што сведчыць аб тым, што з пераемнасцю добрых кантактаў на вышэйшым узроўні ў Беларусі і Казахстана не будзе праблем”, — адзначаецца ў рэлізе.

belapan.by