Лукашэнка: За мінулае нашых спецслужбаў, чэкістаў саромецца няма чаго
„Вам, нам за мінулае нашых спецслужбаў, чэкістаў саромецца няма чаго. Няма ніякай прычыны”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 15 снежня на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды 100-годдзя органаў дзяржбяспекі.
„Чым глыбей вывучаеш гісторыю, тым больш пераконваешся ў тым, што яе немагчыма падзяліць на чорнае і белае, даць адназначныя адказы на ўсе пытанні, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Мы не жылі ў той час, не ведалі і цяпер не адчуваем нерв тых часоў. А ганьбіць гісторыю лёгка і проста. Але трэба памятаць, што гісторыя вельмі моцна плаціць за яе скажэнне. Наша армія, нашы Узброеныя сілы, нашы спецслужбы ва ўсе перыяды нашай гісторыі з годнасцю выконвалі свой абавязак, яны былі адданыя прысязе, дысцыпліне і парадку. Не было б іх — не было б краіны і не было б нас пры ўсіх нашых памылках”.
Афіцыйны лідар адзначыў, што ў гады „халоднай вайны” чэкісты паспяхова ажыццяўлялі разведвальную работу за мяжой, змагаліся з падрыўной дзейнасцю замежных разведак унутры краіны, забяспечвалі бяспеку кіраўнікоў дзяржавы. Застаючыся, як правіла, за кадрам, яны дзейнічалі таксама ў „гарачых кропках”, ліквідавалі наступствы чарнобыльскай катастрофы.
„Сёння перад нашымі спецслужбамі стаяць новыя задачы. Адна з галоўных — барацьба з тэрарызмам, — адзначыў Лукашэнка. — Свет нагадвае разварушаны мурашнік. Праз межы перапраўляюцца натоўпы ўцекачоў, а пад іх прыкрыццём фанатыкі, гатовыя забіваць мірных грамадзян, сеяць хаос. У транзітным патоку на тэрыторыі нашай рэспублікі рэгулярна затрымліваюцца члены міжнародных тэрарыстычных арганізацый”.
„Ідзе таксама незаконны гандаль зброяй, які імкліва распаўзаецца па свеце. На жаль, ад гэтага не застрахаваны і мы. Нам трэба быць максімальна пільнымі і ні ў якім разе не дапусціць, каб гэты арсенал стаў пранікаць праз нашу мяжу”, — заявіў беларускі кіраўнік.
Ён адзначыў, што многія сучасныя пагрозы могуць быць пераадолены толькі сумесна. „КДБ Беларусі развівае практычнае ўзаемадзеянне са службамі дзясяткаў краін, перш за ўсё з нашай Расіяй, нашымі постсавецкімі рэспублікамі, іншымі дзяржавамі свету. Высокі ўзровень партнёрства дазваляе паспяхова праводзіць сумесныя мерапрыемствы. На падставе інфармацыі нашых работнікаў спынены шэраг спроб учынення тэрактаў у Расеі, некаторых еўрапейскіх дзяржавах, а таксама ў нашай краіне”, — сказаў Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што важная задача органаў дзяржбяспекі тычыцца і эканамічнага сектара. „Усе навуковыя сакрэты, найноўшыя тэхналагічныя распрацоўкі, стратэгічныя аб’екты, такія як атамная станцыя, хімічныя прадпрыемствы краіны, павінны стаць прадметам пільнай увагі органаў дзяржбяспекі”, — лічыць кіраўнік дзяржавы.
„Прымаючы рашучыя дзеянні супраць эканамічных злачынстваў, супрацоўнікі КДБ заўсёды кіруюцца непарушным прынцыпам: прычыненая шкода дзяржаве павінна быць пакрытая. Дзякуючы іх працы толькі за апошнія тры гады ў бюджэт пералічана 250 млн рублёў, — паведаміў Лукашэнка.—- Дасягнуты канкрэтныя вынікі па пытаннях харчовай бяспекі, энергетыкі, машынабудавання і шэрагу іншых галін”.
„Я казаў нашым армейцам, міліцыі, скажу і вам: вы ніколі не ўбачыце мяне ў тыле, у гэтай складанай барацьбе (а можа быць, будзе яшчэ і больш складана) я буду заўсёды разам з вамі і ніколі не дазволю здрадзіць нашым з вамі інтарэсам па абароне дзяржавы і чалавека. Я гэта кажу, таму што ўжо занадта мы часта назіраем, у тым ліку зусім побач, як здраджвалі ваенным, работнікам спецслужбаў тыя, хто ўчора аддаваў ім каманды. Гэтага ў Беларусі не было і не будзе. Таму я з вас заўсёды патрабую адэкватнай працы па абароне нашых беларускіх грамадзян, нашых сяброў, родных і блізкіх, дзяцей, Радзімы”, — сказаў афіцыйны лідар.