Лукашэнка: За мяне заўсёды дзве траціны насельніцтва
Аляксандр Лукашэнка ўзяў удзел у галасаванні на выбарчым участку № 1 Цэнтральнага раёна Мінска. Размаўляючы з журналістамі, дзеючы прэзідэнт заклікаў апазыцыю „жыць па законе”, піша tut.by.
„Нават калі яны ўчора ў парушэнне нашых законаў выйшлі — там не было ніводнага міліцыянта. Я жорстка запатрабаваў — не чапайце нікога да выбараў. Выбары заканчваюцца сёння ў 20 гадзін. Я папярэджваю — пачынайце жыць па законе!”, — cказаў ён.
Ён таксама адзначыў, што ведае ўсіх апазіцыянераў, „іх 400 чалавек з 10 мільёнаў”.
Лукашэнка таксама нагадаў, што ў апазіцыі ёсць месцы, дзе ім не забаронена збірацца. Ён паабяцаў гранты ў апазіцыі не адбіраць, але народу распавядаць, адкуль грошы.
Лукашэнка таксама закрануў тэму санкцыяў, падкрэсліўшы, што яны „не супраць Лукашэнкі, а супраць Беларусі”.
„Пра санкцыі — радуйцеся, калі здымуць санкцыі — яны пераканаліся, што санкцыі на шкоду, а Беларусь — прыстойная дзяржава!”, — заявіў ён журналістам.
Гаворачы аб выбарах, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што за яго заўсёды былі „дзве траціны насельніцтва”.
„Дрэнна будзе, калі менш за мяне прагаласуюць, чым у мінулы раз. Значыць, людзі адварочваюцца. Вынік вельмі важны — пераважная гэта падтрымка ці не”, — падсумаваў ён.