Лукашэнка загадаў сілавікам сачыць за перамяшчэннем войскаў NATO каля мяжы



Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з урадам даў новыя загады ў сувязі з міграцыйным крызісам не беларуска-польскай мяжы. Лукашэнка даручыў Мінабароны, КДБ і Памежнаму камітэту кантраляваць перамяшчэнне войскаў NATO і Польшчы каля межаў Беларусі.

“…Вы бачыце, што 15 тысяч ужо вайскоўцаў, танкі, бранятэхніка, верталёты паляцелі з самалётамі. Яны падцягнулі да нашай мяжы, прытым у нахабную, не папярэдзіўшы нікога”, — цытуе Лукашэнку БелТА.

Паводле Лукашэнкі, у лагер мігрантаў нібыта спрабуюць перакінуць зброю і боепрыпасы, каб справакаваць канфлікт. Ён даручыў міністэрству замежных спраў “жорстка ўздымаць адпаведныя пытанні” ў ААН і іншых міжнародных структурах. Таксама Лукашэнка даручыў дадаткова звярнуць увагу на дапамогу мігрантам на мяжы, у прыватнасці, забяспечыць іх сухімі дровамі.

Яшчэ адна тэма, закранутая на нарадзе, — санкцыі. “Занадта шмат нас пачалі палохаць пятым пакетам. На гэты пяты пакет, Раман Аляксандравіч (маецца на ўвазе прэм’ер Галоўчанка), вам было даручэнне: мы ім дараваць нічога не павінны”, – заявіў Лукашэнка.

Беларускае Радыё Рацыя